Францішканскі Ордэн Свецкіх

“Служыце Госпаду з радасцю! Будзьце слугамі Яго народу з радасцю, таму што св. Францішак жадаў, каб вы былі радаснымі слугамі чалавецтва, здольнымі ўсюды запальваць лямпы надзеі, даверу, аптымізму,  якія маюць сваю крыніцу ў самім Госпадзе”.

Ян Павел II да паслядоўнікаў св. Францішка 5-XI-1978г.

 

Гісторыя Францішканскага Ордэна Свецкіх бярэ свой пачатак з XIII стагоддзя,  а дакладна ён быў заснаваны ў 1221 годзе ў Італіі, так што існуе амаль 800 год.

Першапачаткова свецкіх францішканаў называлі “браты і сёстры пакаяння” і такую назву меў Трэці Ордэн Францішканскі “Тэрцыяры”, (паколькі ў 1209 годзе быў заснаваны Першы Ордэн мужчынскі, а ў 1211 годзе Другі Ордэн – жаночы “Сясцёр Кларысак” ).

Заснавальнікам Ордэнаў з’яўляецца св. Францішак Асізскі. Гэта вядомы святы не толькі сярод католікаў, але сярод хрысціян і іншых веравызнанняў. Дзякуючы яго асаблівым цнотам: евангельская беднасць, пакора і прастата жыцця, любоў да ўсіх стварэнняў і вялікая апостальская стараннасць, ён стаў блізкім многім людзям і пацягнуў за сабой вельмі вялікую лічбу паслядоўнікаў не толькі ў мінулым, але і ў нашыя дні.

Ад самага пачатку Францішканскі Ордэн Свецкіх хутка развіваўся, спачатку ў Італіі, а потым у іншых краінах, да якіх прыходзілі францішкане Першага Ордэна. Ордэн быў прыкладам для другіх хрысціян у справах міласэрнасці, дапамогі хворым, церпячым, убогім  і евангелізацыі.

Францішканскі Ордэн Свецкіх (скарочана ФОС) прадназначаны для асобаў свецкіх, якія адчуваюць пакліканне да таго, каб ісці за Хрыстом шляхам св. Францішка Асізскага і па прычыне абавязкаў якія выконваюць і стану сужэнскага не могуць уступіць а ні ў Першы, а ні ў Другі Ордэны. Да ФОС могуць належаць людзі рознага ўзросту, дыяцэзіяльныя ксяндзы, асобы якія жывуць самотна. Свецкія францішкане павінны весці хрысціянскае жыццё паводле прынцыпаў Евангелля  і Рэгулы, трывала выпрацоўваць у сабе хрысціянскую дасканаласць і ахвярна дапамагаць Касцёлу. Падобна як Евангелле, Рэгулу  патрэбна часта чытаць, разважаць і трывала ўваходзіць у сваё жыццё. Імкненне да дасканаласці і апостальства – гэта заданне, якое вынікае з факту прыналежнасці да ФОС. Францішканскі Ордэн Свецкіх павінен быць пад кіраўніцтвам Першага Ордэна.

Папа Бенедыкт XV у 1921 годзе ў Энцыкліцы “Sacra Propediem” прысвечанай Трэцяму Ордэну пісаў так: “У Францішка першага з’явілася думка, а пры дапамозе Божай ласкі была паспяхова зрэалізаваная, каб манаскі спосаб жыцця учыніць агульнадаступным. Такога дагэтуль не ўчыніў аніводзін законадаўца”.

У нашыя дні ФОС з’яўляецца шматлікай і моцнай групай, на якую Касцёл разлічвае як на людзей яму адданых, якія дапамагаюць яму абараняць прынцыпы хрысціянскай веры і маральнасці сваім жыццём, учынкамі, словамі і працай даючы сведчанне пра Хрыста.

У парафіі св. Казіміра г. Маладзечна існуе з 2009 года Францішканскі Ордэн Свецкіх. Гэта францішканская сям’я рознага ўзросту ад 33 год да 85 год (тры пакаленні), якая дапамагае Касцёлу, рэалізуючы сваё пакліканне,  паводле магчымасцяў, узросту, здольнасці, прафесіі, сямейнага стану, адукацыі, спецыяльнай вучобы кожнай з сясцёр, а агульна: правядзенне набажэнства ружанцовага, маёвага,  да Сэрца Езуса, спевы перад і падчас Святой Імшы раніцай, прыбіранне касцёла, дапамога адзінокім людзям старэйшага ўзросту і патрабуючым.

Пры наведаванні шпіталяў, дома-інтэрната для псіхахронікаў, дапамога святару у падрыхтоўцы хворых да споведзі, у выключных выпадках да Першай св. Камуніі, у навучальных установах лекцыі-бяседы для навучэнцаў, катэхізацыя; таксама абарона зачатага жыцця, падрыхтоўка і навучэнне маладых людзей да сужэнства і сямейнага жыцця.

 

Малітва Францішка Асізскага аб духу любові:

Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго спакою,

каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць,

каб прабачаў там, дзе абражаюць,

каб яднаў там, дзе сварка і звада,

каб праўду казаў там, дзе ёсць фальш,

каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне,

каб абуджаў надзею там, дзе пануе роспач,

каб распаліў святло там, дзе валадарыць цемра,

каб нёс радасць туды, дзе турбуе неспакой.

Учыні, каб не шукаў я суцяшэння, а суцяшаў іншых,

каб не прагнуў разумення, але каб разумеў іншых,

каб не шукаў любові да сябе, а любіў іншых.

Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае,

хто не шукае свайго, той знаходзіць,

хто прабачае, таму будзе прабачана,

бо, паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага.

 

   Рэгула Францішканскага Ордэна Свецкіх