Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва

 

 РАЗВАЖАННЕ НАД БОЖЫМ СЛОВАМ 

Алегарычная інтэрпрэтацыя прыпавесці пра пшаніцу і каласоўнік, якую Езус распавёў сваім вучням, адкрывае нам эсхаталагічны сэнс: зло, якое з’яўляецца справай дыябла, існуе ў свеце разам з дабром да канца свету, калі плады зла і дабра будуць раздзеленыя праз суд Божы.

Гэта чарговыя прыпавесці, у якіх Езус навучае сваіх вучняў. Характэрнай рысай прыпавесці з’яўляецца выкарыстоўванне простага абраза са штодзённага жыцця людзей і таямніца, каб зразумець якую трэба ўважліва прыслухоўвацца да слоў Езуса і нават задаваць яму пытанні. Тыя, хто не размаўляе з Хрыстом, застаюцца глухімі на яго навуку.

Сын чалавечы як добры гаспадар засявае поле добрым насеннем, а дыябал, выкарыстоўваючы недахоп чування людзей, сее зло, чым робіць пародыю на працу Бога. Дзеяслоў спаць у Евангеллі паводле Мацвея 25,5; і Mк 13,36; 1Тэс 5,6 выкарыстаны у разуменні недахопу чування перад набліжаючымся прыходам Сына Чалавечага.

Каласоўнік, які пасеяў злы, - гэта расліна, якая на першых этапах вегетацыі прыпамінае пшаніцу і мае моцныя карані, што робіць немагчымым праполку без знішчэння разам з каласоўнікам і пшаніцы. Толькі па пладах можна распазнаць дзе каласоўнік, а дзе пшаніца.

Прычынай зла з’яўляецца вораг, а не Бог. Вораг мацнейшы за чалавека, таму ўласнымі сіламі чалавек зло не выкараніць, аднак менавіта на такую спакусу слугі гаспадара паддаюцца: хочаш мы пойдзем выпалаць яго.

Толькі напрыканцы Бог знішчыць зло канчаткова.

Валадарства Божае перамагае зло, і гэта барацьба, якая праводзіцца як у супольнасці хрысціянскай, так і ў сэрцы кожнага чалавека. Трэба памятаць, што пастаянна падае на нас добрае зерне, якое Бог засявае, і дазваляем злому сеяць сваё зерне, калі мы перастаём чуваць і змагацца са спакусамі духоўнай ляноты. Цяжкай справай будзе наша згода на Божую цярплівасць, каб дазволіць расці разам тое і другое да жніва. Спакусай тут будзе жаданне утварыць ідэальную супольнасць грамадскую, касцёльную ці сямейную. Касцёл не з’яуляецца сектай чыстых людзей, беспамылковых. Ёсць месца ў ім для грэшных і блукаючых. Цяпер ёсць час для таго, каб мы самі прымалі Божую міласэрнасць і дзяліліся ёй з іншымі.

Падумай, праз каго Бог засеяў у табе добрае зерне. Падзякуй за гэта.

бр. Юрый Краўчанка

 

ЧЫТАННІ

 

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Мдр 12, 13. 16–19

Даў надзею навяртання пасля грахоў

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Апроч Цябе няма Бога, які клапоціцца аб усім,
таму Ты не павінен даказваць, што судзіш справядліва.
Твая моц — гэта пачатак справядлівасці,
і Тваё панаванне над усім робіць Цябе ласкавым.
Ты паказваеш магутнасць,
калі не вераць у дасканаласць Тваёй моцы,
і выкрываеш дзёрзкасць тых, хто яе ўсведамляе.
Ты ж, маючы ўладу, у ласкавасці судзіш
і вельмі далікатна кіруеш намі,
калі Ты пажадаеш, маеш моц.
Такімі справамі Ты навучыў народ свой,
што справядлівы павінен быць ласкавым,
і даў сваім сынам добрую надзею
навяртання пасля грахоў.

Гэта слова Божае.

 

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 8, 26–27

Дух заступаецца за нас стагнаннямі нявымоўнымі

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але Сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.

Гэта слова Божае.

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

     Мц 13, 24–30

Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плод, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік. Ён жа сказаў ім: Вораг зрабіў гэта. А слугі сказалі яму: Хочаш мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё.

Гэта слова Пана.

 Паводле Catholic.by