ўспамін благаслаўлёнай Баляславы Марыі Лямэнт

“Маліцеся горача, імкніцеся, дабівайцеся, уздыхайце, прасіце, схіляйцеся нізка, каб Бог схіліўся над намі”.
Благаслаўлёная Баляслава Лямэнт.

29 студзеня Касцёл адзначае ўспамін благаслаўлёнай Баляславы Марыі Лямэнт, панны. Урачыстасці папярэднічала 9-дзённая Навэнна праз заступніцтва благаслаўлёнай Баляславы, якая завяршылася 28 студзеня вельмі прыгожа падрыхтаванай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Благаслаўлёная Баляслава Лямэнт – апякунка адзінства хрысціянаў – доўгі час працавала на тэрыторыі Беларусі, у кожным, каго сустракала на сваім жыццёвым шляху, бачыла дзіця Божае. Яна не звяртала ўвагі на тое, да якой канфесіі належыць чалавек, – усім аказвала патрэбную дапамогу, для ўсіх знаходзіла месца ў сваім сэрцы. Яе праца і малітва на працягу жыцця былі адказам на заклік Божы: “Каб усе былі адно!” (Ян 17, 21).

Благаслаўлёная Баляслава з’яўляецца таксама заснавальніцай і апякункай ордэна Місіянерак Святой Сям’і. Сёстры гэтага ордэна на працягу многіх гадоў нясуць сваё служэнне ў нашай парафіі. У цяперашні час у нас працуюць с. Бернадэта MSF, с. Аляксандра MSF і с. Кацярына MSF. Служэнне нашых сясцёр накіравана на катэхізацыю і ўмацаванне веры не толькі дзяцей і моладзі, але і дарослых, якіх яны рыхтуюць да прыняцця сакрамэнтаў, праводзяць заняткі, сустрэчы, рэкалекцыі і сумесны адпачынак. Акрамя таго сёстры з любоўю і стараннасцю працуюць у закрыстыі, робячы ўсё магчымае і немагчымае для больш глыбокага і ўрачыстага перажывання Літургіі, упрыгожваюць наш касцёл, ладзяць тэатральныя пастаноўкі і святы.

Таму напрыканцы Імшы парафіяне з вялікім задавальненнем і радасцю павіншавалі сясцёр са святам, выказалі словы падзякі і пажадалі Божай дапамогі, моцы духу, усмешак, здароўя і душэўнага супакою.
Браты капуцыны падаравалі сёстрам прыгожыя кветкі і памаліліся аб святасці не толькі для іх, але і для кожнага з вернікаў.
Але лепш за ўсё павіншавалі сясцёр іх выхаванцы: ахінулі сясцёр сваімі абдымкамі – а гэта лепшы доказ і праява любові! Дзяцей не падманеш!

 

 

Нашы сёстры – гэта сонейкі, якія дораць сваё святло і цяпло ўсім вернікам парафіі святога Казіміра! Дзякуй вам за служэнне, нашыя дарагія! Мы вельмі любім вас!

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: бр. Улад Мінько, Віка Гулецкая,Таццяна Сакалоўская

 

Божа, Ты дзеля большай хвалы Твайго Імя ўчыніў, што благаслаўлёная Баляслава прысвяціла сябе справе адзінства хрысціянаў, праз яе заступніцтва ўчыні, каб тыя, каго асвяціў адзіны хрост, з'ядналіся ў сапраўднай веры і братняй любові пад кіраўніцтвам аднаго Пастыра, а таксама мне ўдзялі ласку [...], аб якой з даверам прашу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Благаслаўлёная Баляслава, маліся за нас.