касцёл Беніца костел Беница


Есть Бог, есть мир, они живут вовек,
А жизнь людей мгновенна и убога,
Но всё в себя вмещает человек,
Который любит мир и верит в Бога.

Н. Гумилев. Фра Беато Анджелико


Без натхнёнага чалавечага дотыку ніводнае месца, збудаванне не стане блізкім і дарагім, нават калі яно занесена ў спіс дзяржаўных помнікаў.

Аднак дакрананне чалавека часта бывае разбуральным. Штогод у свеце зносяць, нявечаць рамонтам, расцягваюць на цэглу ці проста пакідаюць кінутымі дзясяткі помнікаў архітэктуры, у тым ліку і культавых збудаванняў. Помнікі руйнуюцца не таму, што ёсць нейкія злыя чыноўнікі, дрэнныя багатыя людзі, якія хочуць усё зламаць, а таму, што грамадству ўсё роўна… А грамадства – гэта мы з вамі…
Шматлікія значныя аб’екты нашага раёна таксама дэградуюць ці знішчаны. Бязладдзе і запусценне – гэта працяг бязладзіцы і запусцення ў нашых сэрцах і душах. Калі мы зберажом неацэнныя помнікі, створаныя прыродай і працай рук шматлікіх пакаленняў, мы тым самым захаваем сябе як састаўную частку чалавечага грамадства. Клопат пра захаванне прыгажосці архітэктуры – гэта клопат пра чалавека і яго жыццё. Жыццё доўгае, але яно ўсяго толькі імгненне нашай вечнасці. Памятаем пра гэта!

"Жизнь пролетает моментально,
А мы живем, как будто пишем черновик,
Не понимая в суете скандальной,
Что наша жизнь – всего лишь только миг." (Людмила Бугрова)

Сёння хачу расказаць пра архітэктурную каштоўнасць нашай Маладзечаншчыны, якая знаходзіцца на мяжы разбурэння, – касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў в. Беніца.
У гістарычных крыніцах Беніца ўпершыню ўпамінаецца ў XV ст. Яна была ўласнасцю Астравухаў, Валовічаў, Коцелаў і, урэшце, Швайкоўскіх. А рыма-каталіцкая парафія ў Беніцы згадваецца ўжо ў 1669 г. З тых часоў перадаецца ў народзе легенда пра будаўніцтва касцёла, якую запісаў яшчэ ў пачатку ХІХ ст. пісьменнік-белетрыст, археолаг і краязнавец, былы рэктар калегіўма ў Жодзішках Ян са Свіслачы (Ігнат Ходзька, польск.: Ignacy Chodźko):
“Ехаў неяк падскарбі Вялікага княства Літоўскага пан Міхаіл Коцел з маладзечанскай рэзідэнцыі ў Ашмяны разам са сваёй сям’ёй. Гэта было невялікае падарожжа па радавых уладаннях. Шлях пралягаў праз Беніцу. Раптам коні панеслі і пацягнулі за сабой панскую брычку, дзе была адна маленькая дачка гаспадара. Ёй пагражала смяротная небяспека. Пан Коцел у гэты момант у шчырым парыве звярнуўся да Бога, каб нябёсы ўбераглі яго дачурку. Малітва была пачута, і, нібы ашалелыя хвіліну назад, коні спыніліся… Здзіўлены цудам, з дзяўчынкай на руках і са слёзамі веры на вачах, падскарбі Коцел пакляўся, што на гэтым месцы, дзе Бог выратаваў яго дачку, ён уславіць імя Божае”.
І багаты фундатар стрымаў слова: узвёў раскошны касцёл, будаўніцтва якога было завершана да 1704 г. Касцёл, пабудаваны ў стылі барока, уяўляў сабой манументальную крыжова-купальную пабудову з двухвежавым галоўным фасадам. Асвячаць Троіцкі касцёл было даручана віленскаму біскупу Канстанціну Бжастоўскаму, што ён і зрабіў у 1704 годзе. Касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў перададзены ордэну бернандынцаў, якія па фундацыі таго ж Міхаіла Казіміра Коцела ўзвялі побач з касцёлам двухпавярховы кляштарны корпус, разлічаны на пражыванне (згодна з дакументам) 12 манахаў. Тут таксама існавала Брацтва Беззаганнага Зачацця Панны Марыі. Корпус размяшчаўся налева ад касцёла, утвараючы ўнутраны дворык.
Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі алтары ў стылі ракако, пры галоўным алтары вісеў партрэт фундатара святыні. Касцёл унікальны па сваіх акустычных уласцівасцях: ён не саступае індыйскім храмам па даўжыні гукаў. Першапачаткова храм служыў фамільным магільным склепам Коцелаў і іх нашчадкаў па жаночай лініі – Швыкоўскіх.
Асоба Міхаіла Казіміра Коцела вызначальная ў лёсе не толькі Беніцы, але і ўсяго рэгіёна. Чаго толькі вартая школа, якая дзейнічала ў прамежку ад 1780 да 1842 пад кіраўніцтвам бернардынцаў, што неслі асвету, не зважаючы на веравызнанне?!
Пад канец жыцця М.К. Коцел (памёр 6 кастрычніка 1722 г.) замовіў намаляваць свой партрэт у натуральную велічыню. На партрэце ён стаяў ля стала, пад якім быў адчынены куфэрак з грашыма ў мяшках. На мяшках – пазначаныя сумы грошай. Па загадзе партрэт павінен быў вісець у скляпенні касцёла ля самай труны, завешаны тканінай, а ў труне ляжаць пазначаная сума, якую можна ўзяць толькі на рамонт касцёла.
Праз колькі дзясяткаў год пасля смерці Коцела праламаўся дах, але не ў касцёле, а ў прыбудаваным да яго кляштары. Бернардынцы з дазволу айца Пятра Чапкоўскага OFM (1762-1763) вырашылі ўзяць грошы, адкладзеныя фундатарам. Яны пачалі адчыняць труну. Ззаду стаяў а. Пётр, молячыся і акрапляючы іх святой вадой. Але як толькі яны адчынілі труну, адразу згасла святло ў лямпах, а каменная труна сама зачынілася, ды так, што трэснула, вельмі напалохаўшы прысутных. Доўга праляжалі браты-бернардыны на падлозе, гучна чытаючы малітву, пакуль вырашылі сысці. Пасля прах Міхала ніхто турбаваць не адважыўся.
Партрэт вісеў да 1851 года, пакуль Троіцкі касцёл не перабудавалі ў царкву, зачыніўшы і пазней знішчыўшы кляштар. Беніцкі кляштар – адзін з нямногіх асяродкаў ордэна ў краі, які не зачынілі адразу пасля задушэння паўстання 1831 г. І няшмат хто ведае, што пры кляштары меўся ўласны архіў, бібліятэка, мастацкая галерэя, парк, багаты сад, сажалкі з каналамі, а пры двары Коцелаў працаваў філосаф Мотвіл. Сюды не раз заязджалі Міхал Агінскі, Тамаш Зан, Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч…
Пасля закрыцця кляштара касцёл яшчэ дзейнічаў як парафіяльны да 1864 г. (Дарэчы самастойная парафія пры Троіцкім касцёле была заснавана распараджэннем ад 8 снежня 1799 г.). Аднак пасля паўстання К. Каліноўскага быў зачынены і ён. Пачынаецца час рэпрэсій супраць асоб, якія падтрымлівалі паўстанне, акрамя таго, пазбаўленне маёмасных правоў. Усё гэта змяняе структуру насельніцтва ў прыходзе, з’яўляецца ўсё больш і больш сем’яў, якія пераходзяць у праваслаўе. Як вынік – у 1866 г. святыню перарабілі ў праваслаўную царкву, і яна згубіла пры гэтым багаты ляпны дэкор у сваім інтэр’еры. Касцёл выконваў функцыі царквы да 1886 г., пакуль насупраць яго не пабудавалі новую царкву. Адначасова пачалі разбіраць будынак былога кляштарнага корпуса.

Час паміж праявай талерантнасці 1905 года і пачаткам рэвалюцыі 1917 года – гэта шматлікія надзеі на адраджэнне храма, а таксама спробы пабудаваць капліцу.
У міжваенныя дзесяцігоддзі Беніца становіцца цэнтрам гміны Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства Польшчы. Троіцкі касцёл з 1919 г. зноў адчыняе дзверы католікам. Мясцовым памешчыкам Швыкоўскім у ім праводзіцца рэканструкцыя. Пераробкі святыні пад царкву, а потым ізноў пад касцёл змянілі яе першапачатковы выгляд. Касцёл дзейнічаў да 1946 г. (па іншых дадзеных – да 1948 г.). Святыню закрылі, прыстасавалі пад калгасны склад мінеральных угнаенняў, што хутка прыводзіла да яе разбурэння. Былі разбураны ў сутарэннях сямейныя скляпы і надмагільныя помнікі.
З 1988 г. па 1997 г. на сродкі Міністэрства культуры тут вяліся рэстаўрацыйныя работы. Дзякуючы гэтай працы касцёл выстаяў.


Намаганнямі вернікаў і пробашча палачанскай парафіі Сяргея Бараўнёва 16 ліпеня 2007 г. была зарэгістравана Беніцкая рыма-каталіцкая парафія. У цяперашні час гэта парафія Святой Тройцы і Святога Андрэя Баболі.
Некаторы час касцёл стаяў адчынены, у яго мог зайсці кожны жадаючы. У нашы дні храм цалкам закінуты, хоць на ім і вісіць таблічка «ахоўваецца дзяржавай». Будынак паступова руйнуецца, тое ж самае адбываецца і з часткова захаванай брамай і каменнай агароджай.
Што асабіста мы можам зрабіць для выратавання не толькі гэтага, але і іншых помнікаў архітэктуры і культавых збудаванняў? Адкажу на гэта пытанне словамі святога Францішка Асізскага: "Пачні рабіць неабходнае, затым – магчымае, і раптам убачыш, што ўжо робіш немагчымае..."

Якім будзе далейшы лёс гэтага цудоўнага храма - невядома. Але вельмі хочацца верыць, што дадзены помнік архітэктуры позняга барока рэспубліканскага значэння адродзіцца, як птушка фенікс з попелу, і пачне сваё новае, але ўжо нашмат лепшае жыццё. Усё ў нашых руках!

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Эрык Савянок

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».