Транзітус Францішак Асізскі

4 кастрычніка Касцёл успамінае святога Францішка Асізскага, заснавальніка трох францішканскіх ордэнаў. Адгалінаваннем першага ордэна з'яўляецца Ордэн Братоў Меншых Капуцынаў. У нашым касцёле гэтае свята адзначаецца як урачыстасць. Напярэдадні свята, вечарам 3 кастрычніка, адбылася вігілійная Святая Імша, а таксама традыцыйнае ў францішканскіх касцёлах набажэнства "Transitus", якое нагадвае пра хвалебны пераход святога з зямнога жыцця ў вечнае. 

У гаміліі а. Ігар звярнуў увагу на тое, што св. Францішак быў і застаецца праз 800 год адным з найбольш папулярных святых. У гонар св. Францішка названы рэкі, гарады. Многія сучасныя партыі эколагаў прызнаюць яго як свайго апекуна. Большасць сучасных манаскіх супольнасцяў, жаночых і мужчынскіх, базуецца на састаўленых св. Францішкам правілах манаскага жыцця, т. зв. Рэгуле. Сярод тых, хто  імкнуўся жыць паводле Рэгулы св. Францішка ў трэцім ордэне, былі і папы рымскія, і святары, і каралі, і людзі з усіх саслоўяў. Чаму гэты святы дагэтуль прыцягвае людзей, каб ісці за ім?

Галоўнае, да чаго імкнуўся св. Францішак, – гэта захаваць Евангелле. Аб гэтым напісана ў першым раздзеле яго Рэгулы. Гэта яго план на жыццё. У Евангеллі ад Марка у сваіх першых словах, звернутых да людзей, Езус Хрыстус заклікае навяртацца і чыніць пакаянне (Мк. 1:15). Францішак называў сваіх першых братоў братамі, якія чыняць пакаянне. Найчасцей словы "чыніць пакаянне" выклікаюць  вобраз такога сумнага, поўнага слёз і горычы ладу жыцця, што, верагодна, нам не хацелася б так па сваёй волі праводзіць увесь свой час. Але спецыфіка францішканскага пакаяння – гэта радасць. Даслоўна “навяртанне” значыць “крок назад”. І ў Старым Запавеце гэтак перыядычна адбывалася, калі габрэйскі народ пасля адыходу ў ідалапаклонства рабіў крок назад, вяртаючыся да таго стану, калі жыў з Богам. Але ў Новым Запавеце навяртанне мы можам трактаваць як  крок наперад, крок услед Езуса Хрыста, які паказаў любоў Айца, сапраўдную любоў, сапраўднае шчасце. І ў гэтым крыніца радасці.  Францішак нанова адкрывае радасць прабывання з Богам-любячым Айцом. Таму ён называе ўсе стварэнні братамі і сёстрамі. Нават смерць ён называе сястрой, якую з радасцю прымае, каб перайсці з гэтага свету ў абдымкі любячага Айца.

Чыніць пакаянне, па словах св. Францішка, патрэбна зноў і зноў. Адметна, што напрыканцы свайго жыцця, тады, калі ўжо існавалі структуры манаскіх ордэнаў, св. Францішак сказаў сваім братам, што занадта нічога яны ў гэтым жыцці не зрабілі, і што трэба пачынаць пакаянне нанова.

А. Ігар заклікаў падчас перажывання набажэнства "Transitus" нанова запаліцца духам Францішка, нанова адкрыць для сябе радасць пакаяння.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

Відэа: Ірына Фаміна