DSC_3572

29 мая а 18-й гадзіне ў касцёле св. Піо парафіі св. Казіміра ў Маладзечна моладзь i дарослыя вернiкi парафii, прагнучы атрымаць Дар Духа Святога, сабралiся на святочнай нядзельнай Эўхарыстыi, якую узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевiч.

Падчас урачыстасці кандыдаты да бежмавання атрымалi «пячаць» Духа Святога, якая азначае поўную прыналежнасць Богу ў Тройцы Адзінаму.

Да глыбiнi душы кранальнымі былi моманты, якiя перажывалi бежмаваныя, сведкi i iх родныя. Аб’яднаныя Духам Святым, падчас святой Імшы ўсе адчувалi Божую прысутнасць i неверагодную радасць, змешаную з хваляваннем.

Глыбокiя думкi шаноўнага арцыбіскупа Тадэвуша пра самавызначэнне чалавека ў жыццi,  пра асабісты выбар Бога як найвышэйшай мэты жыцця чалавека і пра каштоўнасць сям’і не маглi пакінуць абыякавымi нікога з прысутных.

Кандыдаты прайшлі грунтоўную падрыхтоўку перад прыняццем сакрамэнту: моладзь рыхтавалася да гэтай падзеі, удзельнічаючы ў катэхезах на працягу двух гадоў, дарослыя – некалькі месяцаў. Усе яны спрычыніліся да таго, каб урачыстасць была прыгожай і ўзнёслай. Хтосьці дапамагаў упрыгожыць касцёл перад святам, іншыя ўзялі актыўны ўдзел у літургіі слова, і ўсе разам рыхтаваліся да гэтай падзеі праз сваю малітву: навэнну да Духа Святога, якую распачалі за 9 дзён перад урачыстай святой Імшой. Братэрскi капуцынскi дух нашай парафіі, лiтургiчная служба i спевы хору ўзмацнялi гэтыя пачуццi.

Сакрамэнт хрысціянаскай сталасці прыняты! Аднак сапраўднай прыкметай гэтай сталасцi з’яўляецца імкненне  нястомна ўзрастаць у сваiм паклiканні быць асобай, быць хрысціянінам і годным грамадзянiнам сваёй краіны Беларусi. Спадзяёмся, што з дапамогаю Духа Святога нашыя сёстры і браты, якія ў гэтую нядзелю атрымалі сакрамэнт канфірмацыі, змогуць здзяйсняць Божыя намеры ў сваім асабістым жыцці і ў жыцці супольнасці Касцёла ў Беларусі.

Тэкст: Таццяна Дасюкевіч.

Фота: Віктар Ведзень.

Таксама пра гэтую падзею можна пачытаць тут: https://catholic.by/

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».