ERC_1482

Ціхае і засяроджанае малітоўнае чуванне ля Гробу Пана вечарам у Вялікую суботу пераходзіць у Літургію Пасхальнай Вігіліі -  святкаванне ўваскрасення Хрыста.

Напачатку здзяйсняецца абрад асвячэння новага агню і пасхала, вялікай свечкі, якая сімвалізуе Хрыста. Запалены новым агнём пасхал у працэсіі ўносіцца ў цемны касцёл.

“Святло Хрыстова!” – “Дзякуем Пану Богу!”

Кожны прысутны з запаленай ад пасхала свечкай сімвалізуе тую крыніцу святла, якую Хрыстус сваёй прысутнасцю ўтварае ў кожным з нас.

Пасля чытання ўрыўкаў са Старога Запавету нарэшце гучыць гімн “Хвала на вышынях” і  цішыню ночы ўзрываюць сваім голасам усе званы і званочкі касцёла, абвяшчаючы перамогу Хрыста над смерцю!

Упершыню пасля перыяду Вялікага посту зноў радасна і ўрачыста  гучыць “Аллелюя!”.

“Хрыстос уваскрос!” – “Сапраўды ўваскрос!”

У гаміліі а. Андрэй Жылевіч нагадаў пра значэнне Пасхі. Само слова ў перакладзе з габрэйскай мовы азначае “пераход”. Пераход ад смерці да жыцця, ад няволі да свабоды, ад цемры да святла. У вігілійных чытаннях Слова Божае нам паказвае, колькі ў гісторыі збаўлення  было такіх пераходаў.

Першая пасха адбылася, калі Бог стварыў сусвет і чалавека, паклікаў з небыцця да жыцця ўсё, што існуе. Другая пасха – габрэйская, у якую Бог сваёй моцай вывеў габрэяў з рабства да свабоды. Трэцяя пасха, найважнейшая, якую мы сёння святкуем, - Пасха нашага збаўлення, якую здзейсніў Хрыстус праз сваю Смерць і Ўваскрасенне. Езус, сапраўдны Баранак, памёр, каб кожны з нас мог жыць вечна. Чацвёртая пасха – наш уласны хрост, нашая асабістая пасха, наш пераход ад духоўнай смерці да жыцця з Богам: “Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе” (Рым. 6, 11), “… каб прыносіць плод Богу” (Рым. 7, 4).  Нашая асабістая пасха трывае да моманту смерці, пасха свету – да яго заканчэння. Сёння ноччу злучаюцца усе пасхі гісторыі, і нашая асабістая пасха з Пасхай Хрыста.

Які плод мы прыносім як хрысціяне? Ці мы сапраўдныя хрысціяне - галінкі той вінаграднай лазы, якой ёсць Хрыстус (Ян 15, 1-6)? Ці мы жывімся сокам гэтай лазы, ці ў нас ёсць жыццё?

Сімвал жыцця, моцна звязаны з Велікоднымі святамі, - гэта  яйкі. Яйка ўпоўні змяшчае ў сабе ўсё патрэбнае, каб распачалося новае жыццё. Пачатак жыцця, момант, калі кураня выходзіць на свет праз дзірку ў шкарлупіне, можна параўнаць з момантам уваскрасення Езуса, калі, разарваўшы путы смерці і адсунуўшы камень, жывы Езус пакідае гроб. Хрыстус можа дапамагчы кожнаму разарваць путы смерці, путы нашага граху.

Ёсць яйкі, якія называюць поклад, або каўбатун. Іх гаспадыні падкладаюць курыцы, каб яна мела большую  ахвоту зносіць яйкі. Такія каўбатуны не маюць у сабе жыцця, яны мёртвыя. Часам здараецца назіраць вялікую колькасць людзей у касцёле, калі адбываецца асвячэнне вербаў, страў, г.д. Але многія з гэтых вернікаў бываюць у касцёле зрэдку, спавядаюцца перад гадавым святам. І ёсць небяспека аказацца такім “каўбатуном”, гэта значыць не мець у сабе жыцця. У нашым жыцці з “каўбатунамі” пара заканчваць. Бо Хрыстус паклікаў нас да жыцця і дае сваю Боскую моц.

Кожны з нас мае ў сабе, у сваім жыцці розныя пароды камянёй, шкарлупіння, якія навалены над нашымі магіламі і не дазваляюць нам адрадзіцца. Гэта могуць быць камяні ляноты, эгаізму, гневу, нянавісці, хцівасці, пыхі, нячыстасці, п’янства, г.д. А ўдзел у сакрамэнтах, у жыцці касцёла дае нам моц паўставаць з нашых грахоў і залежнасцяў. Езус знаходзіцца цяпер тут, сярод нас, падыходзіць да кожнага, каб Сваімі ранамі ацаліць нашыя раны. Няма такой сітуацыі, з якой з дапамогай Хрыста мы не маглі б паўстаць. Хрыстус гатовы здзяйсняць у нашым жыцці цуды, але толькі тады, калі мы дазволім Яму гэта. Пакуль ёсць час, бо кожны год, кожны дзець і кожнае імгненне набліжаюць нас да Вечнай Пасхі.

Пасля гаміліі адбылося асвячэнне вады, аднаўленне абяцанняў хросту і спатканне з уваскрослым Езусам у Эўхарыстыі. Напрыканцы вернікі прайшліся ў рэзурэкцыйная працэсіі, спевам абвяшчаючы уваскрасенне Хрыста.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

https://www.facebook.com/     https://vk.com/