ERC_1407

У Вялікую пятніцу пасля Крыжовага шляху пачалася адмысловая Літургія Мукі Пана.

Галоўны цэлебрант а. Уладзіслаў Мінько лежачы крыжам, а ўвесь касцёл укленчыўшы прабывалі некаторы час у цішыні, перапрашаючы за людскія грахі, з-за якіх Езус цярпеў на крыжы. Затым распачалася Літургія Слова, у якой чыталіся ўрыўкі са Святога Пісання, дзе апісваецца Мука і Смерць Езуса Хрыста.

 “У гэтыя тры дні хочацца прапаведаваць, як св. Францішак, які крычаў: “Любоў не любяць!”; і хочацца маўчаць, бо тым, хто не любіць, перад усім ёсць я,” - распачаў гамілію  а. Уладзіслаў.

У Сімвале веры мы прамаўляем, што Хрыстос зышоў у адхлань. Адхлань – у габрэйскай традыцыі тое месца, дзе душы памерлых чакалі вырашэння свайго далейшага лёсу. Але таксама своеасаблівая адхлань ёсць у кожным з нас. А. Уладзіслаў звярнуў увагу на тое, што сёння Літургія Мукі Пана  закранае найглыбейшае ў чалавеку, адхлань чалавечага жыцця: найбольшы страх,  самы брыдкі грэх, наймацнейшы боль. Але таксама  прыадчыняе неба, таямніцу Бога, сапраўдную любоў.

“Вось пашчасціць слузе Майму, ён узвысіцца, узнясецца і будзе ўзвялічаны. Як многія здзіўляліся: настолькі знявечаны быў, як ні ў кога, выгляд ягоны, а постаць яго не нагадвала чалавечай,” – кажа нам прарок Ісая ў першым чытанні  (Іс 52, 13–53, 12).  Гэтыя словы, сказаныя прарокам шчыра, ад сэрца, без іроніі, вельмі здзіўляюць, ламаюць чалавечую логіку, кранаюць самыя глыбіні чалавечага існавання. Бо не так нам уяўляецца шчасце.

У Евангеллі св. Яна, якое нам сёння дае Касцёл,  Езуса мы бачым адначасова і церпячым, і ўзвышаным, быцца Ён узыходзіць на трон. Хрыстос сам называе сваю смерць узвышэннем.

Для звычайнага чалавека гэтыя словы складаныя, далёкія ад зразумення.

Св. Мелітон Сардыйскі (ІІ век ад нараджэння Хрыста), у сваёй Пасхальнай гаміліі адкрывае нам праўду, што гэты таямнічы Божы слуга значна бліжэй да нас, чым мы маглі б думаць: “Ён той, хто ў многіх многае сцярпеў.  Ён той, хто у Абелі быў забіты, у Ісааку звязаны, У Якубе Ён вандраваў, у Юзафе Яго прадалі, у Маісею Яго пакінулі, Ён быў зарэзаны ў пасхальным ягняці, у Давідзе зведваў пераслед, у прароках Яго знеслаўлялі.” І тут можна працягнуць, падставіўшы выпадковыя імёны і цяперашнія сітуацыі: Ён той, Хто ў Васілю страціў бацькоў, у Марыне быў здраджаны мужам, у Ксеніі церпіць здзек на працы, у Пятры знявечаны залежнасцю, у многіх пісьменніках, мастаках, святарах Ён быў расстраляны, у Валерыю Яго запугвалі, у ненароджаным дзіцятку Яго забілі. Кожны мог бы напісаць сваё імя і сітуацыю. Ён бліжэй, чым нам магло б здавацца.

У гэтым таямнічым Чалавеку, які вісіць на крыжы, ёсць адказы на ўсе нашыя сітуацыі, пытанні. Трэба паглядзець на Яго укрыжаванага, угледзецца ў Яго, з любоўю, няспешна, уважліва. Так, як дзіця назірае за бацькамі, калі яны штосьці робяць, і вучыцца ад іх. Каб пачуць адказ, прынамсі штосьці адчуць, зразумець.

Пасля гаміліі адбылося ўрачыстае адкрыццё Крыжа, які быў пакрыты фіялетавай тканінай ад V Нядзелі Вялікага посту.

І вось Езус узвышаны на крыжы, а ўсе прысутныя аказаліся на Галгоце ў падножжа Крыжа Збаўцы, кожны па-свойму перажываючы Муку Пана, укленчваючы з пашанай...

У Вялікую пятніцу не цэлебруецца таямніца Эўхарыстыі. Таксама  няма  выразнага заканчэння, а літургічная дзея пераходзіць у Эўхарыстычную Адарацыю Хрыста ў Грабніцы. Найсвяцейшы Сакрамэнт у манстранцыі накрыты белым празрыстым вэлюмам – сімвалам плашчаніцы, а таксама сімвалам частковага адкрыцця Пасхальнай таямніцы.

 

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

https://vk.com/     https://www.facebook.com/

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».