vialiki chacver 12

Каталіцкі Касцёл вучыць, што ўдзельнічаючы ў Святой Імшы, мы не проста ўспамінаем  падзеі, якія адбыліся амаль 2000 год назад, а становімся саўдзельнікамі тых падзей. Падчас Імшы святар увасабляе сабой Хрыста. Таму тыя святыя чыны, якія прадугледжаны ў Святой Імшы,  здзяйсняе сам Хрыстос, які  праз асобу святара прысутны тут і цяпер. 

У Вялікі чацвер а. Ігар Колзун, пробашч нашай парафіі, цэлебраваў адмысловую Святую Імшу Вячэры Пана, якой распачаўся Пасхальны Трыдуум.

Упершыню пасля перыяду Вялікага посту спяваўся гімн “Хвала на вышынях Богу…” пад гучны перазвон усіх званоў і званочкаў у касцёле. З апошнімі словамі гімна арган і званы змоўклі аж да Вялікай ночы Змёртвыхпаўстання Пана, запрашаючы да глыбейшай засяроджанасці. Прысутныя на Імшы сталі сведкамі, саўдзельнікамі Апошняй Вячэры Пана разам з апосталамі, дзе Езус устанавіў сакрамэнты святарства (пасвячэння) і Эўхарыстыі.

А. Ігар у гаміліі нагадаў, што гэта сёння, у Вялікі чацвер, Езус прамовіў словы, якія святар прамаўляе падчас кожнай Святой Імшы над хлебам і віном, словы кансэкрацыі, найважнейшыя словы ў літургіі, без якіх Эўхарыстыя не можа адбыцца. Гэты момант апісаны у трох Евангеллях. Але сёння касцёл дае нам для разважання словы з Евангелля паводле Яна, у якім гэтых слоў няма. Паводле св. Яна, Эўхарыстыя спаўняецца тады, калі Езус, даючы прыклад служэння, даючы новае прыказанне любові, абмывае сваім вучням ногі (Ян 13, 1-15). А. Ігар падкрэсліў, што калі не хапае ў супольнасці хрысціянаў служэння адзін аднаму, зацікаўленасці ў іншым чалавеку, то Эўхарыстыя таксама можа не адбыцца.  

Самая вялікая кара для хрысціяніна – гэта Excommunicado, адлучэнне яго ад містычнага Цела Хрыста, ад Касцёла, ад Эўхарыстыі. У такім стане чалавек пазбаўлены еднасці з Хрыстом.

Сучасныя хрысціяне, праўда, часта цяпер самі на сябе накладаюць такую кару, дабравольна  пазбаўляюць сябе ўдзелу ў Эўхарыстыі.

Мы часам памылкова думаем, што робім Богу вялікі падарунак, калі прыходзім на Святую Імшу. Ці усведамляем мы, што не толькі ў Вялікі чацвер, але падчас кожнай Эўхарыстыі Езус настолькі прыніжае Сябе, што як нявольнік, укленчвае перад кожным з нас і абмывае нашыя ногі. Бо мае вялікае жаданне, каб кожны з нас меў удзел у Яго любові.  Ці перажываю я ТАК Эўхарыстыю? Па прыкладу Езуса і мы пакліканы служыць бліжнім, каб не быць адлучанымі ад Хрыста.

Пасля гаміліі быў здзейснены абрад абмыцця ног дванаццаці мужчынам з нашай парафіі: праз паслугу а. Ігара Езус абмыў і уцалаваў ногі Сваім вучням.

Пасхальны Трыдуум - гэта адна вялікая трохдзенная літургія ад Імшы Вячэры Пана да Пасхальнай (рэзурэкцыйнай)  працэсіі ў Велікодную раніцу. Таму не было абраду заканчэння, адразу пасля Імшы распачалася адарацыя Езуса ў Цямніцы.

 

Тэкст: Кацярына Савянок

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».