У гэтым годзе ўшанаваць заступніка нашай парафіі, св. Казіміра, вернікі мелі магчымасць на некалькі дзён раней: святкаванне было перанесена з 4 сакавіка на 27 лютага. Адпустовую Святую Імшу а 10-00 цэлебраваў а. Алег Вайцяховіч OFM Cap.

У гаміліі а. Алег нагадаў, што мэта нашага жыцця - Неба. Касцёл не толькі ставіць мэту, але дае і прылады, каб дасягнуць мэты. Сцежка, па якой мы пакліканы крочыць да неба,  - гэта любоў. На гэту сцежку можна ўвайсці праз Слова Божае, праз сакрамэнты. Св. Казімір - прыклад чалавека, які убачыў гэту сцежку. Звычайна мы ўяўляем сабе святых як тых, хто не мае грахоў. Але касцёл кажа, што святыя - гэта супольнасць грэшнікаў, якія збаўленыя. Як жа тады яны рабілі цуды? А. Піо казаў, што ён толькі сведка гэтых цудаў, а робіць цуды Божая ласка. Добрая навіна для нас у тым, што Бог дзейнічае праз чалавека. Нам важна ўвайсці на гэту сцежку любові праз сакрамэнты і Божае Слова, тады Бог будзе дзейнічаць праз нас.  

Кожны мае пакліканне да любові (у святарстве або сям'і). Часам Бог дае цяжкае заданне, але нашае жыццё не будзе дарэмным.

У Грузіі старэйшыя людзі распавядаюць такую гісторыю. У часы засухі ў адным месцы была кропля і жывая кветка. Кропля разважала: "Калі я не ўдзялю з сябе гэтай кветцы, яна засохне, а я застануся. Але калі застануся сама для сябе, то высахну". Мараль у тым, што калі мы, як маленькая кропля ў вачах Бога, не будзем ўдзяляць з сябе іншаму чалавеку, то ўсе загінем.  Бог не хоча, каб мы збаўлялі ўвесь свет. Ён хоча, каб мы жылі для адной кветкі - сям'і, мужа, дзяцей, унукаў. Мы слабыя як гэта кропля. Але мы можам даць час, малітву. 

Найбольшы дар ад Бога не ёсць цуды. Каб атрымаць дар ад Бога, трэба Яму штосьці даць. Быў кароль, які запрасіў на пір людзей з умовай, што кожны прынясе вады. Некаторыя наракалі. Але былі тыя, якія прынеслі. І кароль загадаў адсыпаць золата ў тое начынне, малое ці вялікае, у якім кожны прынёс ваду. Мараль у тым, што калі мы аддаём Богу нашыя грахі, Ён улівае замест іх ў нашае сэрца Сваю ласку. І не можа наліць яе ў тое, што поўнае, поўнае нашых грахоў.

Да аднаго старэйшага пустэльніка прыйшоў малады вучань і запытаўся: "Які найбольшы дар Бог можа даць чалавеку?" Здаецца, можа цуд аздараўлення, уваскрашэння. Але пустэльнік сказаў: "Найбольшы дар - гэта убачыць свой уласны грэх". Калі ўбачым свой грэх і вызнаем яго, то Бог налье ў нашае сэрца Сваю ласку, учыніць нас святлом для іншых. Такая вера Касцёла. Ці я  веру?

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

 

https://vk.com

https://www.facebook.com

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».