12 снежня 2021 года, у III Нядзелю Адвэнту ў нашым касцёле Святую Імшу а 12-00 цэлебраваў Яго Эксцэленцыя ксёндз-біскуп Юрый Касабуцкі. 

У гэты дзень Касцёл асабліва заклікае радавацца, бо ўжо блізка Пан. Таму і свечка, і літургічнае адзенне святара маюць адмысловы ружовы колер. 

У гаміліі кс.-бп. Юрый нагадаў, што хрысціянін пакліканы заўсёды мець у сабе радасць, якую дае сустрэча з Богам. Яўрэі праз словы прарокаў рыхтаваліся да прыйсця Пана некалькі стагоддзяў. Святы Ян Хрысціцель рыхтаваў сэрцы тых, хто да яго прыходзіў, тлумачыў, што трэба рабіць, як укладаць жыццё. Але калі Езус прыйшоў, большасць не пазнала ў Ім Месію, Божага Сына. Сучасны хрысціянін мае 4 тыдні перыяду Адвэнту, у якія асаблівым чынам пакліканы фарміраваць сумленне, якое будзе правільна падказваць, што рабіць, каб мець радасць сустрэчы з Богам, каб Яго пазнаць і прыняць. Можа трэба кагосьці прабачыць, з кімсьці прымірыцца, можа пачаць маліцца, прыйсці ў святыню. Езус сваю справу ўжо зрабіў, аддаўшы Сваё жыццё. Ён працягнуў Сваю далонь і чакае. Цяпер чарга чалавека зрабіць крок. Ці захочаш ты, каб Ён дапамог табе, суцешыў, напоўніў радасцю?

Вернікі нашага касцёла мелі дадатковую радасць: падчас Святой Імшы кс.-бп. Юрый здзейсніў абрад благаславення касцёла ў гонар св. Піо. Сцены святыні былі акроплены асвячонай вадой, пасля малітвы адбылося акаджэнне алтара, на якім быў адмыслова зменены абрус. Гэта важная падзея, чарговы крок да кансэкрацыі касцёла, была замацавана ў спецыяльным Дэкрэце, які зачытаў а. Андрэй Букштан.

Яго Эксцэленцыя ксёндз-біскуп Юрый Касабуцкі 7.12 адзначаў 25-гадовы юбілей святарскага пасвячэння. Нашыя малодшыя парафіяне павіншавалі яго спевам.  

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

https://www.youtube.com

https://vk.com      https://www.facebook.com

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».