Дзень 27 лістапада аказаўся багатым на падзеі ў нашай парафіі. Пасля прэзбітэрскага пасвячэння нашага бр. Уладзіслава Мінько дзеці і іх бацькі накіраваліся ў капліцу, дзе ў гэты дзень адбываліся “Андрэйкі” — адмысловая сустрэча перад пачаткам Адвэнту.


Бр. Ігар распачаў нашую сустрэчу малітвай і кароткім уступам.
Найперш на сцэну мы запрасілі нашых акцёраў з прыгожай пастаноўкай «Чудесная книга». Так здарылася, што Дзяніс аказаўся ў краіне пад назвай «Обижания». У гэтай краіне ўсе крыўдзіліся адзін на аднаго, нават кветкі і жукі, і не хацелі прабачаць. Каб выбрацца з яе, трэба было знайсці кнігу, якую ў сакрэтным месцы трымаў кароль Абідус. Гэтай кнігай аказалася Біблія. І такім чынам Оля з Дзянісам даведаліся, што каб вызваліцца з гэтай сумнай краіны, трэба перастаць насіць у сваім сэрцы крыўду і прабачыць. Усе акцёры вельмі пастараліся, а гледачы былі задаволеныя.
У гэтым годзе на Андрэйкі да нас прыйшло і прыехала шмат гасцей. Спачатку разам з дзецьмі бавіліся ў розныя гульні Міньёны са студыі “Задорынка”. Яны правялі таксама танцы, арбузны “валейбол”, бананавае лімба, парад фруктаў і гародніны і шмат іншых цікавых конкурсаў.
Важнымі гасцямі сустрэчы быў гурт “Міхаэлькі” з мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы. Яны паспявалі разам з дзецьмі, праславілі Бога. Былі нават спевы, якія адмыслова пісаліся для гэтай сустрэчы. Трэба адзначыць, што гэты гурт дзеці ўжо сустрэлі ў летніку, а спевы “Хто мы” і “Па вадзе Ён ходзіць” сталі аднымі з любімых спеваў на катэхезе.
Дзякуй братам капуцынам за тое, што падтрымалі гэтую ініцыятыву, дзякуй усім, хто дапамог у арганізацыі і правядзенні, у прыбіранні капліцы. І да сустрэчы на Андрэйках праз год!

Тэкст С. Фаўстына Адамовіч,
Фота  Эрык Савянок

Фота у соцсетках: https://vk.com ,  https://www.facebook.com

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».