4 кастрычніка - асаблівы дзень для кожнага францішканіна. Касцёл у гэты дзень аддае пашану св. Францішку з Асізі, заснавальніку трох францішканскіх ордэнаў.

У свой час, у пачатку XIII стагоддзя, ён пайшоў за голасам Пана Бога, які клікаў адбудаваць Яго Касцёл. Паходзячы з багатай сям'і, ён выбраў радыкальную беднасць, сваім жыццём увасобіў Евангельскае жыццё, ва ўсім імкнучыся быць падобным Хрысту. 

Увечары 3 кастрычніка ў францішканскіх касцёлах адбываюцца адмысловыя набажэнствы Транзітус на ўспамін пераходу св. Францішка з гэтага свету ў жыццё вечнае. У нашым касцёле набажэнства праходзіла з удзелам моладзі.  

На наступны дзень святочную Імшу разам з братамі капуцынамі цэлебравалі святары з іншых парафій: кс.-пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі,  кс. Павел Шылак (в. Краснае), канвентуальны францішканін а. Яўген Голуб (г.п. Івянец). У гаміліі а. Яўген агучыў пытанне, якое задаў святому Францішку брат Мацей, адзін з першых яго паслядоўнікаў: «Францішак, чаму за табой, чаму за табой, чаму за табой?.. Чаму ўвесь свет бяжыць за табой, і кожны, здаецца, жадае цябе бачыць, і чуць, і слухаць? Ты не прыгожы целам, не вельмі адукаваны, не шляхецкага роду: чаму ж за табой бяжыць увесь свет?» Вядома, што калі чалавек любіць кагосьці, то імкнецца праводзіць з ім час, быць яму да спадобы, нават любіць розныя рэчы, якія раней і не цікавілі, і з цягам часу так пранікаецца іншым чалавекам, што становіцца падобным да яго.  Францішак так палюбіў Хрыста, што стаўся падобным да Яго ў стылі жыцця, у малітве, у цудах, у тым, што насіў раны Хрыста (стыгматы). Праз яго Езус быў жыццём, праўдай, святлом, шляхам для іншых. Цікавы артыкул а. Яўгена пра тое, што розныя людзі знаходзяць у св. Францішку, можна пачытаць на партале https://catholic.by .

Святы Францішак, маліся за нас!

 https://vk.com

https://www.facebook.com

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».