Урачыстасць  Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) Касцёл адзначае ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы як напамін пра тое, што сакрамэнт Эўхарыстыі быў устаноўлены Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер. У гэты дзень мы асаблівым чынам, з падзякай і праслаўленнем, ушаноўваем нашага Збаўцу, прысутнага ў Святых Дарах.

У нашым касцёле 3 мая 2021 галоўную ўрачыстую Святую Імшу  а 18-00 узначаліў пробашч а. Ігар Колзун.

Падчас казання а. Ігар падкрэсліў, што сутнасць Бога ў тым, каб адорваць ласкамі, а чалавека - каб дзякаваць. У грэцкай мове "падзяка" - ευχαριστώ (эўхарысто). Ці бачу я, за што я магу дзякаваць Богу на Св Імшы? Бо Касцёл чыніць падзяку кожную Імшу за стварэнне, збаўленне, Яго любоў. Ці ёсць ува мне падзяка?

У Ізраілі ёсць рака Іардан, якая пітае Тыберыйскае (Галілейскае) возера, багатае на жыццё, і Мертвае мора, салёнае, ў якім амаль няма жыцця. Цікава, што Галілейскае возера праточнае. Яно прымае і аддае ваду далей. А Мертвае не мае стоку, толькі бярэ ваду. Падобна і ў нашым жыцці. Калі мы канцэнтруемся на сваёй асобе (у сям'і, на працы, г.д.) і хочам толькі браць, то нічога добрага з гэтага не атрымаецца. З Езусам не так: Ён аддае нам усяго сябе, Цела і Кроў, каб мы мелі жыццё вечнае.

Ёсць такія каталікі, якія адносяцца да Святых Дароў не як да чагосьці найважнейшага, не як да жывога, прысутнага ў іх Хрыста, а як да чагосьці дадатковага ў касцёле, як свечка, вербачка. Часам нават міністранты, праходзячы побач выстаўленага Найсвяцейшага Сакрамэнта, укленчваюць каля а. Піо, а не перад Хрыстом. Была такая сапраўдная гісторыя з сям'ёй з польскай дыяспары ў Амерыцы. Бацька - каталік, які рэдка наведваў касцёл, маці - пратэстантка і сын 6 год аднойчы трапілі на Імшу. Сын першы раз быў у касцёле, усюды лётаў, усё глядзеў. І ў пэўны момант сын выбег з плачам з касцёла. Бацькі - за ім, пытаючыся, што здарылася. А ён кажа: "Там зараз будуць есці Езуса, есці цела і піць кроў..." Маці пачала казаць, што гэта толькі сімвалічна. Але тата, хадзіўшы калісьці на катэхезу, сказаў, што сапраўды каталікі ў гэта вераць, што спажываюць падчас Эўхарыстыі сапраўдныя Цела і Кроў Хрыста. Гэта настолькі ўразіла маці, што яна пачала цікавіцца гэтым пытаннем, і з гэтага моманту пачалася гісторыя навяртання сям'і, якое прывяло да таго, што маці і бацька сталі практыкуючымі каталікамі, а сын святаром.  

Кожны раз, калі мы прымаем Цела і Кроў Хрыста, мы становімся жывымі манстранцыямі, выносім жывога Езуса з касцёла, а Яго благаслаўленне - у сям'ю, на працу. Аб гэтым важна задумвацца, памятаць. Эўхарыстая - гэта наша шчасце, наш прывілей. Няхай кожная наша Эўхарыстыя будзе падзякай і заканчваецца працэсіяй, у якой мы выносім у сабе Езуса ў свет.

Пасля Імшы адбылася працэсія з жывым Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнте вакол тэрыторыі касцёла. Каля чатырох алтароў гучалі словы падзякі і благаслаўлення.

 

Больш фота: 

https://vk.com

https://www.facebook.com

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».