29 мая чатыры прадстаўнікі з нашай парафіі прынялі ўдзел у міждыяцэзіяльным конкурсе на веданне Святога Пісання.

Гэта быў фінальны этап, які праходзіў у Віцебску і быў арганізаваны праз с. Дар’ю Галубкову і  Віцебскі Карытас. У папярэдніх двух этапах удзельнічала 10 дзяцей і падлеткаў з нашай парафіі, якія вывучалі кнігу Тобія і Евангелле паводле св. Мацвея. Па выніках былі выбраны пераможцы, якія прадставілі нашу супольнасць у Віцебску.

Фінал конкурсу праходзіў пры віцебскай катэдры. На пачатку мы ўсе разам удзельнічалі ў Эўхарыстыі, якую цэлебраваў кс. Бп. Алег Буткевіч. Пасля распачаўся непасрэдна першы этап конкурсу, па выніках якога былі вызначаны па 7 пераможцаў з кожнай узроставай катэгорыі. Пасля абеду гэтыя пераможцы атрымалі яшчэ дадатковыя заданні, а ўсе іншыя ў гэты час развучвалі беларускія народныя танцы і бавіліся ў народныя забавы.

У канцы ўсе фіналісты і пераможцы атрымалі падарункі. Паліна Бабаева з Маладзечна заняла 1 месца ў старэйшай катэгорыі, а Аўрэлія Каралькова — 3 месца ў малодшай.

Пасля ўручэння прызоў мы разам з братам Ігарам накіраваліся на невялікую прагулку па Віцебску, а таксама заехалі ў McDonald’s, каб падсілкавацца перад дарогай.

Вось, якія ўражанні засталіся ў нашых удзельнікаў фіналу.

 

 

Паліна Бабаева (пераможца ў старэйшай катэгорыі): Удзел у конкурсе на веданне Бібліі аказаў на мяне вялізнае ўражанне ў першую чаргу атмасферай сяброўства і нейкага адзінства з усімі ўдзельнікамі.  Тут мне ўдалося не толькі паказаць свае веды, але і пазнаёміцца з мноствам цікавых людзей. Было вельмі прыемна сустрэцца з тымі, хто разумее Святое Пісанне і можа на гэту тэму размаўляць. Вядома, што прысутнічаў дух спаборніцтва, і мне хацелася паказаць сябе з лепшага боку, але яшчэ ніводзін конкурс не даў мне столькі добрых эмоцый.

 

 

 

 

 

 

Аўрэлія Каралькова (3 месца ў малодшай катэгорыі): Калі мы ўжо прыехалі ў касцёл, я адчувала сябе незвычайна. Пасля, калі мы селі за стол, каб выканаць тэст, я вельмі хвалявалася. Калі ўжо ўсе зрабілі тэст, то аб’явілі, хто з удзельнікаў будзе ўдзельнічаць у другім этапе. Я не чакала, што вазьму ўдзел у другім этапе. Калі нас прывялі ў клас, дзе мы рабілі другі тэст, я хвалявалася як ніколі. Але пасля, калі ўжо стала вядома, хто перамог, я была ў шоку. 

 

 

 

 

 

 

 

 

Аляксандр Мацюшонак (фіналіст): Мне вельмі спадабаўся конкурс. У яго была свая цікавая і незвычайная атмасфера. Таксама падчас конкурсу я пазнаёміўся з новымі хлопчыкамі і дзяўчатамі. На мой погляд, конкурс быў арганізаваны на самым высокім узроўні. Шчыра дзякую с. Фаўстыне за падрыхтоўку да ўдзелу ў конкурсе і бр. Ігару за лёгкую і вясёлую дарогу да Віцебска. Конкурс пакінуў самыя добрыя ўражанні, якія доўга не забудуцца дзякуючы атрыманым падарункам.ад таго, што стала пераможцам.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ягор Кіёнак (фіналіст): Мне паездка вельмі спадабалася. Прыязныя людзі, асабліва біскуп Алег. Смачная ежа, добрыя падарункі. У цэлым, паездка заставіла пасля сябе мора станоўчых эмоцый і добры настрой на некалькі дзён. Было цікава і весела ў дарозе, а таксама гуляць з іншымі ўдзельнікамі, знаёміцца з імі. Таксама цудоўна было пагуляць па гістарычнай частцы горада. Раней я ў такіх конкурсах не ўдзельнічаў, але гэта аказалася класным!

 

 

 

 

 

  Фота Вадзіма Каралькова і с. Фаўстыны Адамовіч

Тэкст с. Фаўстыны Адамовіч

Больш фотаздымкаў з конкурсу можна паглядзець на старонцы Карытас Віцебск УКантакце https://vk.com

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».