4 Сакавіка касцёл успамінае св. Казіміра, апекуна нашай парафіі. Урачыстая адпустовая Імша  адбылася а 18-00. У нашай парафіі віталі ксяндза дэкана, святароў з суседніх парафій, братоў капуцынаў і  а. Алега Шэнду, кусташа беларускай кустодыі капуцынаў, які і ўзначаліў Імшу. 

У гаміліі а. Алег праз асобу св. Казіміра паказаў, які ёсць шлях да святасці. У чым надзвычайная асаблівасць св. Казіміра? Ён быў справядлівым, меў Божы страх, быў паслухмяны Богу.  Мы імкнемся, каб у нашым жыцці было больш Божага. І найчасцей добра разумеем, дзе ў нашым жыцці сапраўды так ёсць, а дзе ўжо меньш Божага або зусім няма. Але недастаткова толькі ведаць, як трэба, і жадаць.  Патрэбны наш большы ўдзел і адказнасць.  

Людское цела будуецца першыя 20-25 гадоў, а потым працэссы разбурэння ў целе пачынаюць пераважваць. Але адносіны з Богам выглядаюць іначай. Калі нашыя рукі не апускаюцца, што зноў зграшылі, але мы сумленна працягваем шукаць вернасці Богу, то ў адносінах да Бога нашае жыццё бязмежна развіваецца і ўдасканальваецца.

Св. Казімір пражыў нядоўгае жыццё. Ён быў палітыкам, не заўсёды паспяховым. Але яго духоўнае жыццё развівалася.

Апошнім часам мы чулі шмат такіх урыўкаў з Евангелля, дзе Езус рабіў надзвычайныя рэчы (аздараўляў, выганяў злых духаў). І здавалася б, што каб вось цяпер такое адбывалася ў нашым жыцці, то было б лягчэй быць хрысціянінам, пазбягаць граху. Калі штосьці надзвычайнае сустакаецца, то не часта. Але калі добра прыгледзецца, то можна заўважыць, што мы не самотныя, што Бог прысутнічае ў нашым жыцці і цяпер. Чым даўжэй мы жывем, тым больш можам знайсці такіх момантаў.

Заданне для кожнага хрысціяніна ў тым, каб навучыцца любові. Кожны па-рознаму яе шукае. Гэта тое, чаго не хапае. Чым бліжэйшы чалавек, тым цяжэй нам яго любіць. Не толькі таму, што бачым многа недахопаў у ім, але і самі не ўмеем, не хапае сіл, каб гэту любоў адкрываць. Таксама вялікі дэфіцыт -справядлівасць. Калі сустакаемся з насіллем, несправядлівасцю, часам бывае ўражанне, што нічога не мае сэнсу, бо мы слабыя, нічога не можам перамяніць. Але тое, што мы можам паказаць, і гэта патрэбна сучаснаму свету, - гэта любоў, якую нам паказвае Езус.

Гісторыя любові - гэта падарожжа з Галілеі ў Ерузалем - пад'ём у гару. Гэта вымаганне з сябе. Крапіва, асот самі растуць, але каб выгадаваць штосьці добрае, трэба высілкі, праца. Таксама і ў жыцці ніжэйшае нараджацца само сабой і часта так шматліка, што можа здавацца, што гэтая зямля, гэтыя людзі, гэтыя сэрцы і розумы нічога іншага нарадзіць не могуць. Але кожная глеба здольная нараджаць як горкае, так і салодкае. І такой глебай з'яўляецца кожны з нас. Заклік да любові вучыць нас не спяшацца асуджаць іншага чалавека, але гэта заклік да пакаяння. А пакаянне, нават граматычна, адносіцца толькі да мяне самога. Нельга сказаць "я яго каю". Толькі "я раскайваюся". Глеба, на якой варта працаваць - гэта маё сэрца. Не важна, ці я каралевіч, ці чалавек простай прафесіі. У кожнага ёсць сэрца, якое патрабуе любові. І яе варта здабываць уласным сумленнем, і гэтага дастаткова, каб спасцігнуць Божую праўду. 

Пасля Эўхарыстыі адбылася знакавая падзея для нашай парафіі: кананічнае заснаванне супольнасці Францішканскага ордэна свецкіх (ФОС). Нацыянальны асістэнт ФОС бр. Яраслаў Крыловіч выступіў з прамовай, у якой даў тлумачэнне, чым з'яўляецца ФОС (або III ордэн), якому ўжо 800 год. Згодна з "Правіламі жыцця" 1221 г. да ФОС належаць браты і сёстры, якія чыняць пакаянне, і якія жывуць ва ўласных дамах". Паводле роду заняткаў свецкі фрацішканін можа быць амаль што кім угодна: гандляр, прафесар, малаграматная бабуля, прэзідэнт краіны... Што  азначае фраза "якія чыняць пакаянне"? Пакаянне перадусім азначае перамену чалавека на лепшае, калі я не задавальняюся тым, які я цяпер, а несупынна перамяняю свой спосаб мышлення пад уплывам Божага слова, і таксама перамяняю сваё жыццё. І гэтая перамена знешне праяўляецца ў пладах - усё больш дасканалых чынах служэння Богу і людзям. Св. Францішак - дасканалы прыклад брата, які чыніць пакаянне. 

Віншуем нашу супольнасць ФОС са знакавай падзеяй.  Няхай вам спадарожнічае ласка Духа Святога.

https://youtube.com

https://vk.com

https://www.facebook.com 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».