Bozhae Narajenne   Лк. 2: 1-14

"Пастэрка" - Святая Імша на Божае Нараджэнне, якая адбываецца ўвечары пасля вігілійнай вячэры. Назва яе паходзіць ад лацінскага слова pastor (пастух), бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастухі, якія пасвілі непадалёк свой статак. Яны першыя і прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцу. Сёння вернікі, як тыя пастушкі, таксама прыйшлі прывітаць Немаўляці.

"Што ж такога асаблівага і важнага ў нараджэнні Езуса?" - запытаўся бр. Андрэй Квяцінскі на пачатку гаміліі. А тое, што ў ім споўнілася старадаўняе прароцтва Ісаі. У тыя часы народ Ізраіля перажываў акупацыю Асірыяй, а таксама унутраныя праблемы. Праз прарока народу была дадзена надзея, што яны, якія ходзяць у цемры, убачаць вялікае святло, вялікую радасць, бо ім будзе дадзены Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Князь супакою, які ўмацуе праўду і справядлівасць і будзе валадарыць вечна. Умацуе не сілай зброі. 

Нам таксама не хапае радасці, бо ёсць страх, бачым несправядлівасць. І думаем, можа патрэбна, каб Бог даў геніальнага палітыка?

Але Божыя планы нашмат лепшыя. Ён дае Сябе. Ён прыходзіць падчас Эўхарыстыі, гаворыць Сваё слова падчас чытання Евангелля. Ён тут, блізка, не проста назірае, але ўдзельнічае. Чалавек можа прыняць Яго дапамогу, а можа адмовіцца і сказаць: "Я неяк сам." Але нават і тады Ён застаецца побач, застаецца верны.

Бог адважыўся паслаць Свайго Сына. Гэта значыць, ён яшчэ верыць у людзей. Ён бачыць на зямлі людзей добрай волі, якія ператварылі свой дом, сваё сэрца у Бэтлеем (у перакладзе з габрэйскага - Дом Хлеба), бо прапануюць іншым сваю дапамогу, хлеб, час.  Канешне, мы грэшнікі, але часта нават калі і не хочам штосьці рабіць, усё ж робім з любові да іншага, часам з гераічнымі высілкамі, на тым узроўні, на якім можам. Таму сёння Анёлы пра кожнага з нас спяваюць: "Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі" (Лк. 2: 14), кажуць кожнаму з нас, што "нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан" (Лк. 2: 11). Бог верыць, што мы можам быць людзьмі Хрыстовымі і можам Беларусь зрабіць Домам Хлеба. А паколькі мы верым, што Бог дае магчымасці, і мы можам іх скарыстаць, то значыць і пераможам.

 

 

 Фота ў соцсетках: 

https://vk.com

https://www.facebook.com

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».