Вялікі чацвер

Вялікі чацвер, які мае ў літургіі касцела назву – Вячэра Пана – гэта пачатак Святога пасхальнага трыдыўма, трох святых дзён, якія з’яўляюцца непасрэдным святкаваннем Пасхі. Гэтай вячэрай Езус распачынае свой пераход ад цярпення і смерці да ўваскрасення, і ў гэты пераход запрашае нас.

Апошняя Вячэра, якую Езус две тысячы год таму спажываў з апосталамі, была традыцыйнай пасхальнай вячэрай, якая прыгадвала выхад Юдэяў з егіпецкай няволі. Аднак Хрыстос надаў гэтай вячэры новы сэнс. Ад гэтуль, асвечаны хлеб і віно перамяняюцца ў Яго Цела і Кроў. Гэтым знакам адбываецца ўстанаўленне найвялікшага з сакрамэнтаў – сакрамэнт Эўхарыстыі.

Пад час гаміліі бр. Ігар Колзун звярнуў увагу на тое, што ў Яна, адзінага з чатырох евангелістаў, няма апісання Эўхарыстыі, да якога мы прывыклі, няма слоў кансэкрацыі “Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдадзена”. Ян лічыць вартым звярнуць нашу ўвагу на момант абмыцця ног, жэст, які есць пэўным адказам супольнасці, якая перажывае дзеянне граху, які нішчыць касцел (Ян 13, 1–15). І менавіта гэты жэст адрознівае сённяшнюю Імшу ад іншых і з’яўляецца дадаткам да Эўхарыстыі.

Сення Езус пераварочвае людскія стэрэатыпы, кленчыць, і абмывае ногі вучням, паказваючы пастаянную паставу Бога адносна чалавека, якой хоча навучыць і нас. І сапраўды, у кожнай Эўхарыстыі Бог ёсць для нас слугою, прымае постаць хлеба, які святар пераламвае, сыходзіць на словы, рукі недасканалых людзей, бо нам гэта патрэбна.

Абрад абмыцця ног – гэта не тэатр, пастаноўка жэстаў, гэта знак, зварот на тое, што мы павінны імкнуцца наследаваць Хрыста праз служэнне і бескарысную любоў да іншых людзей, і тады, сапраўды, наша ахвяра будзе вячэрай Пана.

Але з другога боку гэта Евангелле вучыць нас паслухмянасці, прыняццю таго, што робіць для нас Хрыстос. Бо вельмі часта мы, як Петр, супрацівімся Божаму служэнню, нам так цяжка даць гэтую магчымасць Хрысту, каб ен абмыў нас, вызваліў ад бруду граху. Але толькі той чалавек, які дазваляе Богу любіць яго і служыць яму, можа асягнуць збаўленне.

На прыканцы гаміліі пробашч звярнуўся да вернікаў з пажаданнямі, каб кожны асабліва ў гэты нялегкі час намагаўся ўзбудзіць у сабе запал і прагненне да Эўхарыстыі, якія мелі першыя хрысціяне, перажываючы кожную літургію, як апошнюю. Каб кожны, беручы прыклад з Хрыста і прымаючы яго любоў, быў здольным служыць іншым і быць абмытым.

Літургію Вялікага чацвярга завяршыў абрад перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнта ў падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе вязніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту.  Гэты абрад накіроўвае нас на перажыванне таямніцы еднасці з мукамі Хрыста.

 

Тэкст: Марыя Туровіч

Фота: Ірына Фаміна

 

Больш фотаздымкаў на старонках:

https://vk.com

https://www.facebook.com

 

 

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».