Свята святога Казіміра

Урачыстую Святую Імшу а 18-00 ўзначаліў ксёндз біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім канцэлебравалі Імшу ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, святары з суседніх вёсак і гарадоў, а таксама нашыя душпастыры.

Яго Эксцэленцыя павіншаваў усіх прысутных, адзначыўшы, што ён таксама прыналежыць да нашай парафіі.

Падчас гаміліі ксёндз біскуп узгадаў некаторыя моманты жыцця і рысы святога Казіміра, адзначыў яго пабожнасць, глыбокую веру і добрае сэрца. Святы каралевіч распачынаў свой дзень з малітвы кожны дзень прымаў удзел у Імшы, часта прыступаў да споведзі. Апошні год свайго жыцця св. Казімір жыў у Гродна. І хоць у замку была капліца, ён любіў наведваць Фару Вітаўта. Св. Казімір стараўся заўсёды мець пры сабе ежу і грошы, якія раздаваў па дарозе жабракам. За такі стыль жыцця ён не раз чуў нараканні ад блізкіх, але яго гэта не спыняла. Бог паклікаў яго са свету пасля цяжкай хваробы ва ўзросце ўсяго толькі 26 год, але св. Казімір паспеў дасягнуць святасці.

Ксёндз біскуп асаблівую увагу звярнуў на тое, што, па прыкладу св. Казіміра, павінна быць фундаментам жыцця кожнага чалавека: вера і любоў. Вера – гэта адносіны да Бога, а любоў – да чалавека.

Вера сучаснага чалавека таксама праходзіць праз пэўныя выпрабаванні. Чалавек, маючы глыбокую веру, які імкнецца жыць з Богам, можа пачуць дакоры, кпіны з боку іншых. Але той, хто не будуе жыццё на падмурку веры, адкідае Бога, той часта не бачыць сэнсу жыцця і жыве ў дэпрэсіі нават маючы забяспечанымі матэрыяльныя патрэбы.

Любоў – гэта тое, што робіць чалавека чалавекам. Сапраўдная любоў здольная прабачаць, не трымаць у сэрцы крыўду, заўважаць патрэбы бліжніх. Гэтай любові трэба вучыцца ўсё жыццё. Але гэта тое, што мае найбольшую вартасць сярод людзей.

Каб навучыцца такой любові, патрэбна малітва, сустрэча з Богам, праца над сабой. Цяпер, у час посту, гэтая справа павінна быць найпершай, а ўсе астатнія справы павінны ёй дапамагаць.

“Пане, хто можа жыць у Тваім шатры?” – спяваем у псальме. Кожны з нас запрошаны да гэтага, пакліканы да Нябеснага Валадарства, да святасці.

На прыканцы Святой Імшы іерарх падзякаваў хору за прыгожы спеў на лацінскай мове, мове набажэнстваў у 15 стагоддзі, у якім жыў св. Казімір.

Пасля Літаніі да св Казіміра і благаслаўлення ўсе прысутныя былі запрошаны ў капліцу на пачастунак, які падрыхтавалі нашыя парафіяне.

 

 Слухать гамілію на старонцы

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Ірына Фаміна

 

Больш фотаздымкаў на старонках:

https://vk.com

https://www.facebook.com

 

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».