Аляксандр Астраушка OFMCap.

22 чэрвеня ў касцёле святога Валянціна ў Смалявічах, што пад Мінскам, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне брату Аляксандру Астраушку OFMCap.

Браты капуцыны нясуць служэнне ў смалявіцкай парафіі практычна з моманту яе заснавання на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта пад іх духоўнаю апекаю ў гэтым горадзе-спадарожніку беларускай сталіцы намаганнямі мясцовых вернікаў быў пабудаваны адзіны ў нашай краіне касцёл святога Валянціна, які знаходзіцца ў скверы, што носіць імя святога апекуна закаханых.

  

Хоць цяпер вакол святыні вядуцца будаўнічыя працы, гэта не перашкодзіла правесці тут сакрамэнт пасвячэння, дзякуючы якому Беларуская кустодыя Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў папоўнілася яшчэ адным мясцовым святаром.

«Нягледзячы на яўныя знакі актыўных баявых дзеянняў вакол нашага касцёла, мы сёння перажываем сапраўднае свята, якое напаўняе нашыя сэрцы вялікай радасцю»,

— пажартаваў на тэму будаўнічых працаў брат кусташ Алег Шэнда OFMCap, звяртаючыся на пачатку ўрачыстай святой Імшы да біскупа Юрыя Касабуцкага з просьбай аб удзяленні брату Аляксандру сакрамэнту пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.

  

Іерарх з задавальненнем выканаў гэтую просьбу, і пасля прадстаўлення кандыдата звярнуўся да прысутных у касцёле з Божым словам. У ім ён засяродзіўся на значэнні святарства і святароў у жыцці хрысціянскай супольнасці, глыбей раскрываючы сэнс заданняў, якія з моманту прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння будзе выконваць брат Аляксандр.

На пачатку гаміліі біскуп Юрый прыгадаў выпадак са сваёй маладосці, калі яго і ягоных калегаў, апранутых у сутаны, падчас вучобы ў гродзенскай семінарыі дзеці, здзіўленыя іх незвычайным знешнім выглядам, запыталіся: «А вы дкуль? З неба?»

«Вядома, святары прыходзяць не з неба, а бяруцца з людзей і для людзей выконваюць сваё служэнне»,

— падкрэсліў іерарх, адзначыўшы вялікую ролю, якую ў распазнанні паклікання для маладога чалавека адыгрывае сям’я. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што пакліканне — гэта не нейкі «голас з нябёсаў», не цудоўнае аб’яўленне, а распазнанне Божай волі, якое адбываецца ў звычайных жыццёвых умовах, прычым у кожнага па-свойму.

 

 «Для таго, каб стаць святаром, недастаткова толькі вывучыць некалькі прадметаў у духоўнай семінарыі і паспяхова здаць экзамены. Гэта толькі невялікая частка той падрыхтоўкі, якую неабходна прайсці перад сакрамэнтам пасвячэння. Гэтая падрыхтоўка называецца фармацыяй, духоўнай і чалавечай, а ў брата Аляксандра была яшчэ і манаская фармацыя, паколькі ён належыць да ордэна капуцынаў», — зазначыў пастыр.

Ён таксама нагадаў думку папы Бэнэдыкта XVI, які казаў, што святар, хоць і вымушаны займацца рознымі справамі, не павінен быць спецыялістам ува ўсім, але павінен быць спецыялістам у справе сустрэчы чалавека з Богам.

Няспынна набліжацца да Езуса і весці за сабою іншых заклікаў біскуп Юрый брата Аляксандра, пажадаўшы яму ніколі не расчароўвацца на гэтым нялёгкім шляху, пасля чаго праз ускаладанне рук і малітву ўдзяліў яму сакрамэнт пасвячэння.

Жэст ускладання рук на галаву новапасвячанаму разам з біскупам здзейснілі ўсе прысутныя на цэлебрацыі святары, пасля чаго прывіталі апранутага ў арнат і намашчанага святым хрызмам брата Аляксанда ў прэзбітэрскай супольнасці.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў абраз святога Францішка, выкананы мастаком Паўлам Кандрусевічампаводле славутай фрэскі з базылікі ў Асізі, што з’яўляецца адной з самых вядомых выяваў святога бедняка, які называў сонца сваім братам, а смерць — сястрою. Гэты абраз, змешчаны пры ўваходзе ў смалявіцкі касцёл, адгэтуль будзе нагадваць пра шчырую атмасферу ўсеагульнага хрысціянскага братэрства, асабліва ўласцівую францішканскаму капуцынскаму духу.

Акрамя таго, іерарх выказаў словы захаплення талентамі ўдзельнікаў парафіяльнага моладзевага хору са Слоніма (там цяпер нясе служэнне брат Аляксандр), які сваім прыгожым спевам пад нетрывіяльны акампанемент сінтэзатара, скрыпкі і... цымбалаў аздобіў літургію.

Напрыканцы святой Імшы новапрэзбітэр звярнуўся да прысутных са словам.

Брат Аляксандр перадусім шчыра падзякаваў за дар жыцця бацькам і роднаму брату, разам з якім гадаваўся, а таксама выказаў падзяку сваім сабратам з супольнасці капуцынаў, у якой ён ўзрастаў і ў якой прыняў сакрамэнт пасвячэння.

Ён не абмінуў нікога з прысутных і гасцей (некаторыя з іх прыбылі ў Смалявічы ажно з Італіі, дзе праходзіла пэўная частка фармацыі брата Аляксандра), а таксама гасцінных смалявіцкіх парафіянаў, якія пасля Імшы прыгатавалі проста перад касцёлам смачны пачастунак. Святу не перашкодзіў нават раптоўны лівень, які прымусіў некалькі хвілін пачакаць з прысмакамі.

На наступны дзень, у нядзелю 23 чэрвеня новапрэзбітэр цэлебраваў сваю першую св. Імшу ў касцёле святога Піо ў Маладзечне, на заканчэнне якой удзяліў усім прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.

 

Брат Аляксандр Астраушка нарадзіўся 3 лістапада 1989 г. у Маладзечне. Пасля заканчэння ў 2008 г. маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы ўступіў у супольнасць братоў капуцынаў. Пасля года, прысвечанага распазнанню паклікання, праведзенага ў Докшыцах, брат Аляксандр наступныя шэсць гадоў правёў у Польшчы, дзе праходзіў манаскую фармацыю і вывучаў філасофію. Паглыбленне манаскай фармацыі і вывучэнне тэалогіі адбывалася ў Італіі, у горадзе Бары, які славуты тым, што менавіта там захоўваюцца рэліквіі святога Мікалая — любімага святога дзяцей усяго свету. У Бары брат Аляксандр Астраушка прыняў дыяканскае пасвячэнне.

 

https://catholic.by 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».