урачыстасць гадавіны І Святой Камуніі дзяцей

Сёння на Святой Імшы а гадзіне 12.00 адбылася урачыстасць гадавіны І Святой Камуніі дзяцей, якія ў мінулым 2018 годзе прынялі першы раз Пана Езуса да сваіх сэрцаў.

На пачатку дзеці прасілі брата Андрэя Квяцінскага, які сёння цэлебраваў Эўхарыстыю:

“ Як зямля прагне вады і сонца, так нашыя душы прагнуць Бога, Яго бясконцай любові. Ўжо мінуў адзін год, як мы прынялі у свае сэрцы Пана Езуса, і сёння мы стаім перад Богам, і зноў радасць перапаўняе нашыя сэрцы. У гэту хвіліну просім Вас, шаноўны айцец пробашч, каб на алтары разам з хлебам і віном Вы ахвяравалі Богу нашае жыццё, нашыя сем’і, нашыя радасці і смутак. Просім, каб склалі ў ахвяру таксама нашу будучыню, нашае невядомае заўтра. Папрасіце Добрага Бога, каб сцярог нас ад усялякай небяспекі і зла, якія могуць нас сустрэць.

            Таксама і вас, дарагія бацькі, родныя і ўсе прысутныя ў касцёле, запрашаем да супольнай малітвы за нас, каб мы захавалі вернасць Богу і ў Божай міласці вытрывалі да канца жыцця”.

Падчас Св.Імшы дзеці аднавілі свае абяцанні Хросту і тыя абяцанні, якія ў мінулым годзе далі Пану Езусу, а менавіта, не піць алкаголю і не курыць папяросаў, захоўваць Божыя і касцёльныя запаведзі і таксама прыходзіць кожную нядзелю на св.Імшу і прыступаць да іншых святых сакрамэнтаў, а таксама хадзіць на заняткі катэхезы.

Напрыканцы св.Імшы дзеці падзякавалі Езусу за атрыманыя ласкі на працягу мінулага года і ўсяго жыцця.

 

Дзякуем Табе, Езу…

с. Уладзіміра

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».