Вялікая Субота, Велікодная Вігілія

Вялікая Субота – гэта апошні дзень перад самай важнай падзеяй хрысціянства – Уваскрасеннем Хрыста з мёртвых. 

На працягу дня адбывалася асвячэнне велікодных страваў і адарацыя Езуса ў грабніцы, калі вернікі мелі магчымасць памаліцца ў цішы. 

Ноччу парафіяне сустрэліся ў касцёле для галоўнага ўрачыстага набажэнства – Велікоднай Вігіліі. Імшу ўзначаліў брат Андрэй Квяцінскі.  Распачалося святкаванне з літургіі святла - абрада асвячэння агню, ад якога быў запалены пасхал, сімвал Хрыста, а потым і свечкі, якія вернікі прынеслі з сабою як напамін сакраманту Хросту.

Падчас літургіі слова чыталіся сем урыўкаў Старога Запавету, якія перамяжоўваліся каментарымі прадстаўнікоў неакатэхуменальнай супольнасці, спевамі. Гімн “Хвала на вышынях” адзначыў пераход ад Старога да Новага Запавету і суправаджаўся прыгожым святочным перазвонам. Перад чытаннем Евангелля ўсе разам урачыста праспявалі “Алелюя”.  Брат Андрэй нагадаў, што мы не проста ўзгадваем Хрыста, але Ён прыходзіць да нас сёння. Часам наша вера пераносіць шмат выпрабаванняў, але любоў Бога да чалавека ніколі не заканчваецца, гэта любоў, якая не падвядзе, якае дае надзею. 

Пасля надышоў час літургіі Хросту, падчас якой благаслаўлялася вада і прысутныя былі акроплены ёю. Затым адбыліся Эўхарыстычная літургія і рэзурэкцыйная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вернікі тройчы абышлі касцёл, радасна абвяшчаючы Ўваскрасенне Хрыста. 

Са святам ўсіх, міру вашым сем’ям! Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Вольга Дзямешка

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».