свята Ахвяравання Пана

“Сёння мы адзначаем свята Ахвяравання Пана ў святыні. - сказаў Святы Айцец - Сёння таксама – Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, які нагадвае пра важнасць для Касцёла людзей, якія пачулі заклік да неадкладнага наследавання Езуса на шляху евангельскіх парад.

Сённяшняе Евангелле кажа нам, што праз сорак дзён пасля нараджэння Езуса, Марыя і Юзаф, у адпаведнасці з габрэйскім законам, занеслі Дзіця ў святыню, каб прысвяціць і ахвяраваць Яго Богу. Гэта евангельская падзея з’яўляецца таксама іконай ахвяравання свайго жыцця праз тых, хто, у сілу Божага дару, прымае тыповыя рысы Езуса цнатлівага, беднага і паслухмянага.

 

Гэты дар сябе для Бога тычыцца кожнага хрысціяніна, таму што мы ўсе кансэкраваныя Яму праз хрост. Мы ўсе пакліканы прысвяціць сябе Айцу, разам з Езусам, і як Езус, робячы наша жыццё шчодрым дарам у сям’і, на працы, у служэнні Касцёлу, у справах міласэрнасці. Аднак, гэту кансэкрацыю пражываюць асаблівым чынам манахіні і манахі, якія праз шлюбы цалкам і выключна належаць да Бога. Гэта прыналежнасць да Пана дазваляе тым, хто сапраўды ёй жыве, даць асаблівае сведчанне Евангелля Божага Валадарства. Будучы цалкам прысвечанымі Богу, яны да канца адданыя братам, каб несці святло Хрыста туды, дзе пануе самая шчыльная цемра, і распаўсюджваць надзею ў сэрцах прыгнечаных.

 

Кансэкраваныя асобы з’яўляюцца прыкметай Бога ў розных сферах жыцця, з’яўляюцца закваскай развіцця больш справядлівага і братняга свету, прароцтвам дзялення з самымі малымі і беднымі. Так разуметае і пражыванае кансэкраванае жыццё праяўляецца такім, якім яно ёсць на самой справе: яно – дар ад Бога! Божы дар для Касцёла, дар Бога для свайго народа! Кожная асоба, прысвечаная Богу, з’яўляецца дарам для нас – Божага народа – на шляху. Гэта прысутнасць вельмі патрэбная; яна ўмацоўвае і абнаўляе справу абвяшчэння Евангелля, хрысціянскага выхавання, міласэрнасці да найбольш патрабуючых, кантэмпляцыйнай малітвы, справу чалавечай і духоўнай  фармацыі маладых людзей і сем’яў, намаганні для справядлівасці і міру ў чалавечай сям’і. Падумаем, што было б, калі мы не мелі б сясцёр у шпіталях, сясцёр-місіянерак, сясцёр у школах? Вы можаце ўявіць сабе Касцёл без сясцёр... Не, не можна ўявіць! Яны з’яўляюцца дарам, закваскай, тымі, якія штурхаюць Божы народ наперад. Гэтыя жанчыны – выдатныя, яны кансэкруюць сваё жыццё і нясуць пасланне Езуса!

 

Касцёл і свет маюць патрэбу ў гэтым сведчанні любові і Божай міласэрнасці. Кансэкраваныя асобы, манахі і манахіні, таксама з’яўляюцца сведчаннем, што Бог добры, што Бог міласэрны. Таму, неабходна з удзячнасцю шанаваць практыку кансэкраванага жыцця і паглыбіць свае веды пра розныя харызматы і духоўнасць. Нам трэба маліцца, каб многія маладыя людзі адказалі “так” Пану, Які кліча іх да поўнага прысвячэння Яму для самаадданага служэння братам, да кансэкрацыі жыцця для сужэння Богу і братам."

 

Паводле Радыё Ватыкан

 

Сёння таксама і ў нашай парафіі падчас вечаровай Эўхарыстыі браты капуцыны і сёстры місіянеркі супольна аднавілі разам свае манаскія шлюбы. З запаленымі свечкамі і сэрцамі, поўнымі ўдзячнасці за дар паклікання, браты і сёстры прачыталі словы абяцянняў:

Усемагутны вечны Божа, адзіны ў Святой Тройцы, сёння мы стаім перад Тваім абліччам. У лучнасці з усімі асобамі кансэкраванага жыцця ўсяго свету мы аднаўляем перад Касцёлам дадзеныя Табе абяцанні. Прымі, Ойча любові і міласэрнасці, нашае прысвячэнне Табе. Умацуй нас сваёй ласкай, каб мы праз святое жыццё былі для сучаснага свеут бачным знакам Тваёй прысутнасці.

Няхай Панна Марыя, Маці нашага Пана Езуса Хрысту, Дзева Адведзінаў і Маці Касцёла, дапамагае нам на шляху да Цябе – вечнага Святла. Амэн.

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».