20 студзеня 2019 года парафію св.Казіміра наведаў музычны гурт “Крылы” з парафіі Марыі, успамогі хрысціянаў, што знаходзіцца ў Бараўлянах. У перыяд нараджэння Пана моладзь бараўлянскай парафіі прадставіла слухачам свой калядны альбом.

А вось і некалькі цікавых звестах аб музычным гурце!

Музычны гурт “КРЫЛЫ” ўтварыўся ў 2017 г. па ініцыятыве кс. Казімірам Шыдэлко SDB. Моладзь часта збіралася ў парафіяльным араторыі, каб падрыхтаваць розныя святы, чуванні з прыгожамі спевамі, альбо проста паспяваць разам. Таму пробашч парафіі прапанаваў нам стварыць гурт і займацца музыкай ўжо на больш прафесійным узроўні.

У склад гурта ўваходзяць  9 чалавек: Крышаловiч Анжалiка (кіраўнік гурта, клавiшы, вакал); Вiльтоўская Ангелiна (вакал); Ваньковiч Вячаслау́ (вакал); Бабко Кацярына (вакал); Клiмовiч Мiкалай (перкусія); Клімовiч Алег (сола-гiтара); Мікуліч Георгій (скрыпка); Данiлаў Антон (асноўная гiтара); Крышаловіч Андрэй (гукарэжысер). Гэтыя людзі – добрыя знаёмыя, сябры, бо актыўна прымаюць удзел у жыцці парафіі і дапамагаюць у араторыі, таксама граюць і спяваюць з дзіцячым хорам падчас нядзельнай святой Імшы для дзяцей.

“КРЫЛЫ” – гэта асаблівы гурт, таму што ўзрост удзельнікаў вельмі розны, ад 14 да 40 гадоў. Ніхто не з’яўляецца прафесійным музыкантам. Акрамя гурта, кожны займаецца сваімі асноўнымі абавязкамі: хтосьці вучыцца ва ўніверсітэте, школе альбо каледжы, хтосьці працуе лекарам, эканамістам, аўтамеханікам.

 

 

“Сваю працу мы распачалі з калядных спеваў менавіта таму, што ёсць мноства прыгожых калядак на розных мовах, але вельмі мала такіх спеваў на нашай роднай мове, таму мы і вырашылі зрабіць калядны альбом з перакладам самых любімых песень на беларускую мову, каб кожны чалавек мог зразумець сэнс спеваў і спяваць разам з намі.

Пасля заканчэння перыяда Божага Нараджэння мы вырашылі працягваць працу над перакладамі песень з іншых моваў, таксама складаць свае песні. Своеасаблівы гімн “Крылы Анела” напісаў для нашага гурта Юрый Яцко.

Аранжыроўкай песень займаемся ўсе разам. Справа пачынаецца з абмеркавання “шкілета” песні: які будзе пачатак, ці павінен быць пройгрыш, якім будзе заканчэнне, якія інструменты будуць галоўнымі, а якія фонам, хто будзе спяваць песню і г.д. Потым пішам асноўную музычную партыю, сола партыі, гэтым займаецца ў асноўнам кіраўнік гурта. І апошнім этапам з’яуляецца злучэнне ўсяго разам з карэкціроўкай памылак” – расказаў нам Алег Клімовiч, удзельнік гурта.

За час існавання гурт “Крылы” даў некалькі канцэртаў у розных парафіях, прымаў удзел у парафіяльных святах, некалькі разоў праводзіў моладзевыя чуванні, дзяліўся сваімі талентамі на канцэртах у гонар святой Цэцыліі і быў госцем “Радыё Марыя”.

 

Дзякуем калектыву за талент, спеў і праслаўленне Пана!

Няхай Бог благаслаўляе на далейшым творчым шляху! 

 

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».