сястра Уладзіміра Лявоцкая

29 студзеня Касцёл святкуе ўспамін бл. Баляславы Лямэнт, заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр-місіянерак святой сям’і. З нагоды свята для сясцёр Уладзіміры Лявоцкай і Вікторыі Жук, якія працуюць у нашай парафіі, pio.by пагутарыў з сёстрамі пра Кангрэгацыю, манаскае жыццё і пакліканне.

 

Вы ганарыцеся, што Кангрэгацыя заснаваная ў Беларусі?

Канечне! Адна з нямногіх. Мы, і яшчэ, хіба, Эўхарысткі, і ўсё. Праўда, Кангрэгацыя ўтварылася падчас Царскай Імперыі, тады Беларусі яшчэ не было. Далей сёстры закладалі дамы ў Драгічынскай дыяцэзіі, дзе цяпер Беласток, Пінск. Палякі лічаць, што гэта іх здабытак. Але я так не лічу. Прынамсі нарадзіліся мы тут. 

 

сястра Уладзіміра Лявоцкая

 

Як выглядае ваш звычайны дзень?

Заўсёды абавязкова ёсць распарадак. Устаем мы рана. Вікторыя зусім рана - без дваццаці шэсць. Зарадачку зрабіць (смяецца – заўв.аўт.), кавы папіць. Без пятнаццаці сем - супольная малітва. Молімся брывярый – Літургія гадзінаў . Далей разважанне над Словам Божым, прынамсі паўгадзіны ў дзень - так званая медытацыя, найчасцей спосабам св. Ігнацыя. Гэта ўходзіць з пачатку фармацыі і застаецца на ўсё жыццё. Далей Эўхарыстыя. У нас ёсць выбар – ісці на 8 ці на 18. А далей пачынаюцца штодзённыя абавязкі. Сястра ў сакрыстыі прыбіраецца, займаецца праннем, прасуе, робіць дэкарацыі, ставіць кветкі. Здаецца, лухта, але займае шмат часу.

 

с. Вікторыя Жук  с. Вікторыя Жук

 

У мяне катэхеза зраніцы гадзіну. Трэба падрыхтавацца. Нібыта маеш назапашаныя матэрыялы, але кожная група іншая, і штогод хочацца даць нешта новае. Часам трэба самой нешта намаляваць. Таксама я раблю “Зярнятка”. Потым рыхтуем абед. У нас чарга па тыднях. Тыдзень я, тыдзень Вікторыя. Пасля абеду - супольная адарацыя. Ёсць свой малітоўнік, збор малітваў нашай Кангрэгацыі, мы абавязаныя ім маліцца зраніцы, апоўдзень і ўвечары. У мяне катэхеза пасля абеду, у Вікторыі сакрыстыя. Сакрыстыянка ідзе раней усё падрыхтаваць. На адарацыі перад імшой часам молішся, часам не молішся, бо, як людзі прыходзяць, трэба кожнага выслухаць, нешта параіць, запісаць. Вечарам сустракаемся на вячэру. Пасля зноў супольныя Нешпары ў капліцы. Кожны заканчвае дзень па-свойму. Вікторыя вельмі рана ідзе спаць, а я пазней трошкі. У кожным доме Кангрэгацыі распарадак больш-менш аднолькавы.

 

  

 

Акрамя ўсяго, сястра Вікторыя мае хобі - вырабленне свечак і дэкаратыўных фігурак Езуса на Божае Нараджэнне.

 

    

  

 

 

А колькі вашых дамоў у Беларусі?

Пяць. Маладзечна, Ашмяны, Парафіянава, Баранавічы , Магілёў і Масква, якая прылічваецца да нашай Усходняй Дэлегатуры. Кіраўніцтва ўсёй Кангрэгацыі знаходзіцца ў Польшчы, а Дэлегатуры знаходзіцца ў г.Баранавічы. Ёсць тры Дэлегатуры – Афрыканская, Амерыканская і Беларуская.

 

сястра Уладзіміра Лявоцкая

 

Чым займаюцца сёстры місіянеркі ў Беларусі?

 

У Беларусі сёстры займаюцца паўсюль у асноўным тым самым – катэхеза, выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі і дапамога ў касцёле. Але ў Баранавічах большы дом, сапраўдны манастыр, там 12 ці 13 сясцёр – палова дэлегатуры (смяецца – заўв.аўт.). Там сёстры служаць у пяці парафіях: дзве парафіі ў саміх Баранавічах і тры ў навакольных вёсках. Галоўнае ў Баранавічах – гэта сталоўка для бедных. Ёй займаецца сястра Валерыя. Таксама ў Баранавічах ёсць святліца для дзяцей. Яны прыходзяць, робяць хатняе заданне пасля ці перад школай (святліца працуе па зменах), гуляюць, маюць пасілак, а ўвечары ідуць дадому. У суботу дзеці бавяць там цэлы дзень. Цяпер з імі займаецца сястра Лена. Большасць дзяцей праваслаўныя. Тут праяўляецца наш харызмат.

 

 

 

А ў чым сутнасць вашага харызмату?

Без розніцы католік ці праваслаўны – вучыш усіх. Да мяне на катэхезу таксама прыходзяць праваслаўныя. Толькі трэба мець на ўвазе, што мы вучымся, рыхтуючыся да Першай святой споведзі і Камуніі. І пасля, калі дзіця малое, яму крыўдна, што ўсе ідуць да споведзі і Камуніі, а яно не. Звычайна такія дзеці знікаюць, калі давучацца. Верай трэба жыць. Калі ты з праваслаўем не звязаны, толькі ахрышчаны, то гэта ж не вера твая. Калі цябе бабуля ўвесь час у касцёл вадзіла, молішся па-каталіцку, хрэсцішся па-каталіцку, то які ты праваслаўны? У гэтым годзе 50 дзяцей пойдзе да Камуніі, і чацвёра з іх праваслаўныя, якія стануць католікамі, прыняўшы Першую святую камунію ў Касцёле. Гэта выбар бацькоў. Звычайна так адбываецца ў змешаных сем’ях. Прыкладна палова сем’яў дзяцей, якія ходзяць да нас на катэхезу, змешаныя. Але мяне радуе тое, што большасць бацькоў бралі хрысціянскі шлюб. Большасць – людзі свядомыя, якія вызнаюць сваю веру і практыкуюць яе.

 

 сястра Уладзіміра Лявоцкая

 

Які сакрэт еднасці такіх сем’яў?

А людзі не раздзяляюць надта. Я праводзіла бацькоўскі сход у Адвэнце, расказвала, як па каталіцкай традыцыі трэба святкаваць Божае Нараджэнне. Прыходзілі і праваслаўныя бабулі, якія дзяліліся сваімі традыцыямі. Вельмі часта выходзіць так, што змешаныя сем’і святкуюць і адно свята, і другое. І дзеці, і бацькі да гэтага ставяцца нармальна. Калі расказваеш пра нейкія звычаі, то дзеці часта адказваюць “а ў нас вось так…”, “а мой тата праваслаўны…” Але горш, калі ніхто і нішто, калі бацькі абыякавыя і нікуды не ходзяць. Часта прыводзяць дзяцей бабулі, і яны ходзяць у касцёл самі. Але такое дзіця рэдка застаецца ў Касцёле. Трэба, каб быў прыклад старэйшых. Калі гэта ўжо не дзіця, а падлетак, які робіць выбар сам, то гэта іншая справа. А калі малыя дзеці 3-4 клас, то за іх усё вырашаюць бацькі, і ў іх жыцці ёсць шмат цікавейшых заняткаў, чым хадзіць у касцёл.

 

сястра Уладзіміра Лявоцкая

 

Такое перапляценне каталікоў і праваслаўных – з’ява, унікальная ў свеце, уласцівая, бадай, адным беларусам. Як харызмат Кангрэгацыі рэалізуецца ў Афрыцы і Амерыцы?

Трэба жыць і маліцца ў еднасці. А еднасць – у самім сабе, паміж верай і учынкамі, у сем’ях, каб панаваў супакой і дабро на ўзор святой сям’і. Паўсюль ёсць свае падзелы, і не абавязкова на ўзроўні рэлігіі. Адзінства – гэта нешта большае, чым адзінства католікаў і праваслаўных. Можа быць адзінства паміж беднымі і багатымі, паміж веруючымі і няверуючымі, паміж дзецьмі і дарослымі... Трэба знаходзіць кампрамісы і будаваць еднасць кожнага дня. Мы пакліканыя да таго, каб людзей гэтаму вучыць, перш за ўсё, сваім прыкладам. Мы як супольнасць сясцёр паказваем, што значыць быць адзінымі.

 

 

Вы адчуваеце сябе ў сям’і?

Канечне! Канечне, я адчуваю, што супольнасць – гэта мая сям’я. Я перажываю, калі ёсць праблемы, як і звычайна ў сям’і перажываюць свае праблемы. Безумоўна, нішто не заменіць роднай сям’і, але сястрынства, узаемная падтрымка, канечне, ёсць. Нас злучыў у адну сям’ю Езус.

 

 

Што паўплывала на ваш асабісты выбар – стаць сястрой місіянеркай Святой Сям’і?

Я не бачыла іншых. Я нават не задумвалася, што ёсць так шмат іншых Кангрэгацый. Проста бачыла сясцёр у нашай парафіі, як яны працуюць, і сказала, што я таксама хачу прысвяціць сваё жыццё, таксама дзяцей вучыць, кветкі ў касцёле ставіць (смяецца). А калі прыехалі мы ў Польшу, памятаю, у пастулят туды нас завязлі, першы раз за мяжу. Колькі сясцёр там, аказваецца, ёсць! Рознакаляровых. Столькі колераў хабітаў! Я яшчэ не ведала ні пра харызму, ні пра Баляславу, нічога. Толькі ў Кангрэгацыі пачалі казаць, што такое пакліканне, што такое харызма. Пакліканне вельмі моцная справа. Ты ні пра што не думаеш, ты хочаш толькі гэтага, і ўсё зробіш дзеля таго, каб дасягнуць сваёй мэты. Я вучылася ў тэхнікуме і кінула яго. Сёстры мне раілі скончыць, але я не хацела нічога. Калі дасягаеш мэты, такі супакой, такая радасць на сэрцы, што ты на сваім месцы, што гэта твой дом, што ты адчуваеш сябе добра.

 

сястра Уладзіміра Лявоцкая

 

Кожнаму Бог дае сваё пакліканне. Раз паклікаўшы, Бог заклікае цябе да гэтага кожнага дня. І кожнага дня ты павінен рабіць гэты выбар і ісці за гэтым выбарам, развівацца. Няважна, гэта сужэнства ці манаскае жыццё. Мяне Езус паклікаў у 17 гадоў. І што, канец на гэтым? Я павінна дбаць, аб сваім духоўным развіцці. Заўсёды будуць змаганні, заўсёды ты будзеш сумнявацца, і гэта нармальна. У сужэнстве тое самае. Калі не дбаць пра развіццё адносін, з Езусам у маім выпадку, гэта проста знікне, ты будзеш незадаволены, нешчаслівы, будзеш шукаць нечага іншага.

 

сястра Уладзіміра Лявоцкая

 

Спадзяюся, што парафія дацэньвае сясцёр. Манаскае жыццё больш таямнічае. Таму, можа, не ўсе яго разумеюць. Я не думаю, што пакліканне жанчын толькі ў тым, каб дзяцей нараджаць і мужу дагаджаць. Чалавек павінен таксама развівацца як асоба. Мне манастыр даў вельмі шмат. Я думаю, што калі б я не была ў манастыры, я б ніколі ў сваім жыцці не сустрэлася з Богам. Нейкі быў кантакт, але не такі жывы. Цяпер я ведаю, што Бог ёсць Асоба, што Ён са мной размаўляе, што Ён сапраўды жывы, што Ён мяне любіць.

 

Гутарыла Ганна Шакель