Вялікая пятніца — драматычны дзень суду, мукі і смерці Хрыста

У Вялікую пятніцу Касцёл успамінае муку і смерць нашага Збаўцы Езуса Хрыста, таму хрысціяне павінны яднацца з Касцёлам у адзначэнні гэтага дня, які з’яўляецца найважнейшым у справе іх адкуплення.

Хрысціянам варта ў гэты дзень асаблівым чынам разважаць пра муку і смерць Езуса Хрыста, абуджаць у сабе найбольшую любоў да Яго і адчуваць вялікі боль за тое, што нашыя грахі прынеслі Збаўцy столькі пакутаў.

З’яднацца з церпячым Езусам Хрыстом

Вернікі павінны імкнуцца ў душы падзяляць цярпенне Хрыста, яднаючы з Ім цялеснае вырачэнне, павялічваючы ў гэты дзень строгасць посту і молячыся за ўсіх людзей.

Вялікая пятніца заўсёды была днём асаблівага пакаяння і посту. У адпаведнасці са старажытнай традыцыяй у гэты дзень Касцёл не здзяйсняе Эўхарыстычнай ахвяры (святой Імшы). Гэтая традыцыя захавалася да нашых дзён. Алтар застаецца цалкам не пакрыты, без абрусоў, крыжа і падсвечнікаў.

У гэты дзень цэлебруецца спецыяльнае набажэнства Вялікай пятніцы — літургія Мукі Пана. Цэнтральнай часткай літургіі Мукі Пана з’яўляецца адарацыя святога Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету. Крыж не з’яўляецца выключна знакам цярпення і прыніжэння, але найперш знакам надзеі на канчатковую перамогу Езуса.

 

Адарацыі Крыжа ў гэты дзень папярэднічае літургія слова, у якой, слухаючы апісанне Мукі Пана паводле святога Яна, вернікі ўдзельнічаюць у падзеях Галготы. На заканчэнне літургіі слова гучыць просьба да Бога ў паўсюднай малітве аб збаўленні ўсяго свету.

Хоць у гэты дзень не цэлебруецца Эўхарыстыя, вернікі могуць прыняць святую Камунію, сапраўднае Цела Пана, якое было аддадзена за грахі свету.

Апошнім літургічным актам гэтага дня з’яўляецца перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, дзе ён будзе адараваны да пачатку Пасхальнай вігіліі.

Літургія ў гэты дзень пачынаецца ў поўнай цішыні, не гучаць спевы. На пачатку літургіі Мукі Пана святары кладуцца перад алтаром тварам уніз, а вернікі моляцца на каленях, усведамляючы такім чынам сваю грэшнасць перад Богам.

Catholic.by

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».