Хатні Касцёл

1 Мая, у дзень успамiну св. Юзафа Рамеснiка ў Нацыянальным санктуарыi Беларусi ў Будславе адбыўся традыцыйны Дзень супольнасцi «Хатнi Касцёл». Удзел прымалi сем’i з розных гарадоў: Мiнска, Магiлёва, Маладзечна, у тым лiку сем’i кола нашай парафii з мадэратарам кола пробашчам бр. Анатолем Ярошкам. На Святой Iмшы таксама вiталi прадстаўнiкоў касцёльных рухаў «Святло-Жыццё» - Каштоўная Пярлiна, «Сужэнскiя сустрэчы», факаляраў.

Святую Iмшу цэлебравалi дапаможны бiскуп Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii Юрый Касабуцкi, дыяцэзiяльны мадэратар супольнасцi «Хатнi Касцёл» Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii кс. Павел Шылак, а. Анатоль Ярошка OFM Cap, кс. Мiхал Бубен, мадэратар супольнасцi «Каштоўная Пярлiна» кс. Iрынэуш Копач.

Падчас гмiлii бiскуп Юрый Касабуцкi нагадаў, што нiхто выпадкова удзельнiкам супольнасцi не з’яўляецца, а кожны калiсьцi адчуў паклiканне Пана Бога. Адной з найважнейшых спраў для рэалiзацыi гэтага паклiкання з’яўляецца сведчанне не столькi словам, колькi сваiм жыццём у сям’i, сярод суседзяў, на працы, паказваючы прыгажосць i радасць евангелiчнага жыцця, шчасце трывання ў Хрысце.

Пасля Iмшы адбылося першае ў гэтым годзе маёвае набажэнства, якое адзначылася тым, што упершыню падчас Лiтанii да Найсвяцейшай Панны Марыi было праспявана «Каралева Беларусi, малiся за нас».

Сустрэча сем’яў працягнулася сумесным абедам i завяршылася Вяночкам i Лiтанiяй да Божай Мiласэрнасцi перад цудатворным абразом Найсвяцейшай Панны Марыi.

Па традыцыi перад развiтаннем мужчыны заспявалi любiмую ўсiмi ўдзельнiкамi руху «Святло-Жыццё» - Хатнi Касцёл песню «Як жа хораша й мiла жыць у любовi братняй».

Дзякуй усiм удзельнiкам пiлiгрымкi за малiтву i цёплыню братэрскай любовi.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».