Не заўсёды ў нашым касцёле імшы праходзілі з музычным суправаджэннем. Звычайна музыка і спевы былі толькі па нядзелях і па святах. Арганістамі былі ў розныя часы розныя людзі, гралі і спявалі на грамадскіх пачатках, часам нават на ўласных інструментах.

У 2013 годзе па ініцыятыве айца пробашча Арыюша Малыска быў створаны парафіяльны хор.

Напачатку ўсім парафіянам аб’явілі, што калі хтосьці мае здольнасці і жаданне спяваць у хоры, то можна прыходзіць на праслухоўванне і далей на заняткі па музыцы. Праслухоўванне праводзіў і даваў першыя ўрокі а. Арыюш сам. Так быў створаны наш хор.

На сённяшні дзень яго ўдзельнікамі з’яўляюцца добраахвотнікі рознага ўзросту: і маладыя, і старэйшыя, навучэнцы і студэнты, працоўныя і бізнесмэны. У поўным складзе налічваецца каля 20 чалавек, якія дзеляцца на партыі: сапрана, альт, тэнар і бас. Кіраўніком хора з’яўляецца малады спецыяліст у вобласці музыкі і спеву Дамініка Гулевіч, якая раней была проста арганісткай. Маючы музычны талент, яна з радасцю дзеліцца ім з людзьмі вакол. Пад яе кіраўніцтвам спевы гучаць па-асабліваму. Рэпетыцыі хора праходзяць рэгулярна па пятніцах. Асабліва напружаным з’яўляецца час перад Божым Нараджэннем і Вялікаднем. Тады рэпетыцыі праходзяць некалькі раз у тыдзень і нават некалькі раз на дзень. Удзельнікі хора з ахвотай наведваюць рэпетыцыі, рупліва развучваюць новыя творы і з вялікай радасцю спяваюць на імшы. Таму што духоўны спеў – гэта і ёсць малітва, гэта і ёсць праслаўленне Пана, гэта і ёсць служэнне.

Таксама у нашай парафіі быў арганізаваны дзіцячы хор, які заснавала сястра Ігнацыя. Дзеці рознага ўзросту наведвалі рэпетыцыі, праслаўлялі Пана на дзіцячай імшы ў нядзелю а 12 гадзіне. 

Калі хорам дарослых і дзіцячым хорам было каму займацца, то пра моладзевы хор можна казаць з вялікім гонарам, бо моладзь, прагнучы праслаўляць Бога спевам самі збіраліся перад імшой, вывучалі новыя спевы, перакладалі іх на беларускую мову, а таксама самі суправаджалі спеў, іграючы на музычных інструментах: гітары, джамбеі, трубе, фортэпіана. 

На сённяшні дзень у парафіі існуе тры хоры. Кожным з іх займаецца Дамініка Гулевіч (арганістка парафіі). Калі вы маеце жаданне далучыцца да гэтый вялікай справы, з радасцю вас запрашаем і чакаем новыя галасы ў нашых хорах. 
Дарослы хор – рэпетыцыі па пятніцах у 19.00 ( месца – касцёл) 
Дзіцячы хор – рэпетыцыі па суботах у 17.00 (месца – катэхетычны клас) 
Моладзевы хор – рэпетыцыі па нядзелях у 17.00 ( месца – катэхетычны клас у касцёле) 

 

Дамініка Гулевіч

Дадатковую інфармацыю можаце атрымаць, звязаўшыся з кіраўніком хораў Дамінікай

+37533-35-24-399 МТС

 

 

 

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».