Вялікдзень

У ноч з Вялiкай суботы на Велiкодную нядзелю вернiкi нашай парафii сабралiся разам, каб перажыць галоўнае хрысцiянскае свята - Пасхальную вігілію, ноч, калі Езус уваскрос з памерлых.

Iмшу ўзначалiў пробашч бр. Анатоль Ярошка.

Напачатку вернiкi сабралiся каля вогнiшча, раскладзенага ля касцёла, дзе адбылося благаслаўленне агню i пасхала, вялiкай свечкi, якая сімвалізуе Хрыста.

Запалены новым агнём пасхал унеслi ў касцёл, тройчы спяваючы «Святло Хрыстова». Ад пасхала вернiкi запалiлi свае свечкi, i ўвесь касцёл напоўнiўся святлом.

Падчас Iмшы чыталiся сем урыўкаў са Старога Запавету, паказваючы Божы план збаўлення: ад вершаў аб стварэннi свету (гл. Быц 1, 1–2, 2), ахвяры Абрагама (гл. Быц 22, 1–18), уцёках з егiпецкай няволі (гл. Зых 14, 15–15, 1) да ўрыўкаў з прароцкіх кнігаў пра ўратаванне чалавецтва (гл. Іс 54, 5–14, Іс 55, 1–11, Быц Бар 3, 9–15. 32–4, 4, Эзх 36, 16–17а. 18–28), . Каб вернiкi лепш маглi зразумець чытаннi, неакатэхуменальная супольнасць падрыхтавала каментарыi.

Пераход ад Старога да Новага Запавету адзначыўся прыгожым святочным перазвонам i гiмнам «Хвала на вышынях». Потым прагучалi словы  святога Паўла пра тое, што ўваскрослы Хрыстус перамог смерць (гл. Рым 6, 3–11). Перад чытаннем Евангелля нарэшце праспявалi «Аллелюя!», якое не гучала з пачатку посту. Урывак з Евангелля намаляваў перад вачыма пустую магілу Езуса –знак таго, што Хрыстус уваскрос.

Падчас гамiлii бр. Анатоль нагадаў, што Пасха – гэта пераход з няволi граху да свабоды дзяцей Божых. I гэта вызваленне адбылося дзякуючы ахвяры Збаўцы. Езус «навёў масты», выправiў узаемаадносiны памiж чалавекам i Богам. Бог хоча даць чалавеку новае жыццё, новае сэрца, адчыненае на чалавека, на Бога. Толькi варта ў сваiм жыццi прыпынiцца, каб мець магчымасць заўважыць гэта i прыняць, каб змагчы выбраць тое вечнае, што дае жыццё, i не ганяцца за тым часовым, што нясе смерць душы.

Пасля Лiтургii слова адбылося благаславенне вады i аднова абяцанняў хросту. У знак новага жыцця вернiкi былi акроплены хрысцільнай вадой.

На заканчэннi вiгiлii адбылася цэлебрацыя Эўхарыстыi.

Затым падчас рэзурэкцыйнай працэсii вернiкi тройчы абышлi касцёл, радасна i гучна праслаўляючы ўваскрослага Хрыста.

Вялiкi дзякуй усiм за супольную малiтву, за святочны настрой. Са святам! Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».