Папяльцовая серада

У Каталіцкім Касцёле пачынаецца Вялікі пост. Гэты саракадзённы перыяд, які рыхтуе вернікаў да велікодных урачыстасцяў, пачынаецца ў Папяльцовую сераду.

Адначасова Папяльцовая серада завяршае перыяд карнавалу, час забаваў, уводзячы людзей у цалкам іншы настрой – роздуму, сур’ёзнасці, разважання. Назва “Папялец” паходзіць ад абраду пасыпання попелам, які здзяйсняецца ў гэты дзень у Касцёле.

Прымаючы попел, вернікі ўваходзяць у час, які павінен быць часам пакаяння, змярцвення і ачышчэння ад грахоў. Попел – сімвал крохкасці і прамінальнасці чалавечага жыцця.

Навярнуцца да Бога

Сімволіка попелу звязана таксама з пакаяннем і жалобай. Галовы пасыпалі попелам яшчэ ў старажытнасці. Мэтай гэтага было найперш выражэнне смутку і скрухі. Такім чынам марнасць жыцця падкрэслівалі старажытныя егіпцяне і грэкі. Крыху пазней абрад быў прыняты ізраэльскім народам.

У мінулыя стагоддзі да вядомых форм публічнага пакаяння належала між іншым асаблівая вопратка, якая называлася лахманамі. Таксама часта адбываўся пост на хлебе і вадзе, каб ачысціцца ад грахоў. Толькі ў пачатку ХІ ст. Папа Урбан ІІ увёў абрад пасыпання галоваў попелам і зрабіў яго абавязковым для Папяльцовай серады. Тады ж было прынята, што попел павінен паходзіць са спаленых мінулагодніх пальмовых галінак, асвечаных у Пальмовую нядзелю.

Абрад пасыпання галоваў попелам павінен найперш заахвоціць вернікаў да навяртання. Да навяртання заклікае і формула, якую прамаўляе святар падчас абраду пасыпання галоваў попелам: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся”.

Гэты абрад павінен нагадваць чалавеку, што яго жыццё крохкае і абмежаванае і што ўвесь свой давер трэба пакладаць толькі на Бога.

Другая формула – “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” – азначае, што найважнейшым фундаментам чалавечага жыцця павінна быць Божае слова.

библия

Хоць зараз попел для пасыпання галоваў атрымліваецца ў асноўным ад спальвання пальмовых галінак, асвечаных у Пальмовую нядзелю, раней ён паходзіў таксама ад старых могілкавых крыжоў, якія спальваліся ў Вялікую суботу. Больш за тое, некалі попел меў і іншае значэнне – той, які атрымлівалі з драўніны дуба, часта выкарыстоўваўся як лекі. Аскеты, у сваю чаргу, часам дадавалі попел у ежу.

Адрадзіцца да новага жыцця

З самых даўніх часоў попел быў сімвалам перамянення, адраджэння і ўваскрасення. Аб незваротнасці некаторых працэсаў гаворыць і вядомая антычная прымаўка: “паўстаў, як Фенікс з попелу”. Чалавека у перыяд Вялікага посту праз малітву і пакаянне можа адрадзіцца да новага, вечнага жыцця.

У Папяльцовую сераду абавязковым з’яўляецца строгі пост і ўстрыманне ад мясных страваў. Строгі пост у Каталіцкім Касцёле абавязковы два дні ў годзе: у Вялікую пятніцу і ў Папяльцовую сераду. Гэта азначае, што асобы з 18 да 60 гадоў могуць на працягу дня спажыць толькі адзін пасілак дасыта і два лёгкія пасілкі.

Вялікі пост быў устаноўлены ў памяць аб саракадзённым посце Пана Езуса перад распачаццем Яго публічнай дзейнасці. Езус, якому тады было 30 гадоў, пакінуў Назарэт і скіраваўся на раку Ярдан. Там Ён быў ахрышчаны святым Янам Хрысціцелем. Перш чым пачаць навучанне, Ён пайшоў у пустыню, якая знаходзілася на паўночным усходзе ад Бэтаніі, і пасціўся там 40 дзён.

Езус

Лічба 40 увогуле мае ў Бібліі сімвалічнае значэнне, пацвярджэнні чаго часта сустракаюцца ў Старым Запавеце. 40 дзён і начэй ішоў дождж і працягваўся патоп. 40 дзён Майсей прабываў на гары Сінай, што скончылася атрыманнем Табліц Запавету з Дэкалогам. 40 гадоў Ізраэль вандраваў па пустыні. 40 дзён і начэй ішоў прарок Эліяш на Божую гару Харэб. 40 дзён Ёна спаўняў сваё пасланніцтва ў Нініве, заклікаючы яе жыхароў да навяртання. 40 дзён Галіяф прыгнятаў ізраэльскі народ, пакуль Давід не стаў на змаганне з ім.

Лічба 40 звязана ў Бібліі са значнымі падзеямі, вялікімі справамі ачышчэння, падрыхтоўкі да новага жыцця.

 

ТРАДЫЦЫІ ВЯЛІКАГА ПОСТУ Ў ГІСТОРЫІ КАСЦЁЛА

Крыжовы шлях

Крыжовы шлях і Галгофа. У раннім сярэднявеччы ў Іерусаліме спрабавалі адкрыць Крыжовы шлях Хрыста. Звычай пабожных перажыванняў Ягоных пакутаў увайшоў у ХІІ–ХІІІ стст. у Касцёл дзякуючы духоўнасці францішканаў і дамініканаў, а таксама цыстэрцыянскіх містыкаў. Былі пабудаваны капліцы — у памяць стацый пакут Езуса; такім чынам ствараліся і Кальварыі.

Песні жальбы

Песні жальбы (і пасійныя казанні) — набажэнства, створанае на падабенства святарскай малітвы (Брэвіярыя). Песні жальбы ўзніклі ў Польшчы на пачатку ХVІІІ ст. (1707 г.). Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. У хуткім часе гэтае набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай зямлі. Разважанне над пакутамі Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння, а перадусім мае на мэце служыць нашаму навяртанню. Яно складаецца з трох частак, элементамі якога з’яўляюцца «Натхненне» і тры малітвы. Кожная частка мае сваю ўласную мелодыю. З нагоды гэтага набажэнства часта прамаўляюцца спецыяльныя казанні — пасійныя пропаведзі (пра Муку Пана).

Працэсія на Пальмовую нядзелю

Працэсія на Пальмовую нядзелю. Пачынаючы з IV стагоддзя, у Іерусаліме ўрачыста святкавалі нядзелю перад Вялікаднем, імкнучыся да таго, каб інсцэніраваць Евангелле. Гэты звычай быў прыняты ў Каталіцкім Касцёле ў ІХ стагоддзі. Сёння ў літургіі падчас працэсіі з вербамі падкрэсліваецца каштоўнасць жыцця ў ласцы і перамога Хрыста над смерцю. Галінкі вярбы, якія нясуць у гэты дзень у руках вернікі, сімвалізуюць абуджэнне, адраджэнне, спадзяванне на новы ўраджай і ўзрастанне. У Пальмовую нядзелю (Passion) разам злучаюцца радасць вызвалення і трагедыя граху, жыццё і смерць, любоў і здрада.

Благаслаўленне алею ў Вялікі чацвер 

Ужо ў ІІІ стагоддзі біскупы асвячалі алей для здзяйснення сакрамантаў, але ў Вялікі чацвер пачалі рабіць гэта толькі пачынаючы з V–VI стст. Гэтая літургія цэлебруецца заўсёды ў катэдральным саборы раніцай у Вялікі чацвер, калі пастыр дыяцэзіі (біскуп ардынарый) кансэкруе алей хрызму — для ўдзялення сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і пасвячэння (святарства), благаслаўляюць алей хворых — для ўдзялення сакрамэнту намашчэння хворых, а часам па жаданні біскупа асвячаецца і алей катэхуменаў. Гэтыя алеі пасля літургіі святары або прадстаўнікі парафій могуць узяць у свае парафіяльныя супольнасці. Таксама пасля 1970 года падчас гэтай літургіі біскупы і святары пачалі аднаўляць свае святарскія абяцанні, якія склалі ў дзень свайго святарскага пасвячэння.

Закрыццё крыжа 

Ужо ў ХІІІ стагоддзі гэтая практыка была вядомай у Еўропе. Касцёлы былі багата ўпрыгожаныя крыжамі і часта таксама трыумфальнымі фігурамі (Валадара і Святара). Перад Вялікаднем гэтыя крыжы імкнуліся захіліць, каб увесці пакутны настрой сярод вернікаў. Сёння гэта сімвал пакутаў і поўнага знясілення Збаўцы на крыжы. Закрыццё крыжоў звычайна адбываецца ў пятую нядзелю Вялікага посту, і працягваецца гэта да ўрачыстай літургіі Вялікай пятніцы.

Рэкалекцыі і велікодная споведзь

Са старажытных часоў у Папялец адбывалася споведзь, а ў Вялікі чацвер — паяднанне праз прабачэнне з Богам і Касцёлам усіх тых, хто прыступіў у Папялец да споведзі. На працягу ўсяго посту адбывалася таксама катэхізацыя для тых, хто рыхтаваўся атрымаць сакрамэнт хросту (катэхумэнаў), прыступіць да Святой Камуніі і канфірмацыі. Напэўна, таму сёння існуе звычай парафіяльных рэкалекцый, злучаных з навукай і магчымасцю прыступіць да сакраманту пакаяння. Такое патрабаванне Касцёл ставіць перад чалавекам таму, што адзін з касцёльных загадаў — «прынамсі раз у год прыступаць да сакраманту пакаяння». Гэтая споведзь з’яўляецца неабходнай умовай, каб святкаваць Вялікдзень у прымірэнні з Богам, сабой і бліжнім. Гэта духоўная падрыхтоўка да ўваскрасення Хрыста.

Прылады Вялікага посту:

Малітва — дазваляе нам выйсці на шлях сяброўства з Богам Збаўцам.

Пост і міласціна — вучаць быць свабоднымі ад людскіх прыхільнасцяў, абмяжоўваць сябе, вучаць любові, бескарыслівасці, устрыманасці, разважлівасці.

Пакаянне і навяртанне — уступаючы на шлях пакаяння, навяртання і жалю за грахі, чалавек распачынае працэс перамянення сябе на вобраз і падабенства свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.

Хрост і Эўхарыстыя — дазваляюць аднавіць асабістыя адносіны з Богам, якія распачаліся ў запавеце хросту і ўвесь час трываюць і ўмацоўваюцца праз удзел у Эўхарыстыі і сакрамэнце пакаяння.

Мука Хрыста — я бяру свой крыж і іду ўслед за Езусам, таму што Ён крыніца свабоды, любові, настойлівасці і моцы навяртання.

 

Няхай жа час Вялікага посту схіліць нас да таго, каб мы захацелі ачысціць свае сэрцы ад усялякага граху і дазволілі ім нарадзіцца нанова.

 

Тэкст узяты з сайта  www.grodnensis.by